BE RU EN

Рассельгаснагляд знайшоў небяспечныя бактэрыі ў прадуктах, вырабленых на Гомельшчыне

  • 21.05.2021, 14:55

Пад узмоцнены лабараторны кантроль з пачатку месяца трапілі 16 прадпрыемстваў Гомельскай вобласці.

За два тыдні Рассельгаснагляд забараніў увоз на тэрыторыю Расейскай Федэрацыі прадукцыі двух прадпрыемстваў Гомельскай вобласці. Выданне «Флагшток» расказала, што небяспечнае знайшлі ў нашых прадуктах.

З 13 траўня ў сувязі з паўторным выяўленнем сальманэл забаронены ўвоз мяса птушкі ААТ «Птушкафабрыка «Рассвет». Сальманэлы з'яўляюцца прычынай небяспечных кішачных інфекцый.

З 22 траўня пасля паўторнага выяўлення какцыдыастатыка (дынітракарбаніліду) у мясе птушкі забароне таксама падлягае пастаўка прадукцыі вытворчага цэха «Навасёлкі» РДСУП «Беларуснафта-Асобіна». Какцыдыастатыкі - лекавыя рэчывы, якія даюць птушкам. Прэпарат усмоктваецца ў страўнікава-кішачным тракце жывёл і трапляе ў органы і тканкі. Какцыдыастатыкі маюць шырокі спектр негатыўных уздзеянняў на здароўе чалавека, таму іх неабходна выключаць з рацыёну за некалькі дзён да забою жывёл.

Яшчэ тры прадпрыемствы Гомельскай вобласці цяпер патрапілі пад узмоцнены лабараторны кантроль з боку расейскай установы:

- у ялавічыне Калінкавіцкага мясакамбіната выяўленыя бактэрыі роду Listeria monocytogenes, якія выклікаюць такую небяспечную бактэрыяльную інфекцыю, як лістэрыёз. Штогод у свеце на лістэрыёз захворваюць амаль 1600 чалавек і блізу 260 паміраюць;

- у сыры Светлагорскага філіяла «Калінкавіцкага малочнага камбіната» выявілі наяўнасць забароненага кансерванту натаміцыну;

- у яйках Гомельскай птушкафабрыкі выяўленыя сальманэлы.

Апошні раз забарона на ўвоз прадукцыі гомельскіх прадпрыемстваў на тэрыторыю Расеі ўводзілася ў лютым 2021, калі ў мясных прадуктах Гомельскага мясакамбіната паўторна выявілі наяўнасць какцыдыастатыка (дынітракарбаніліду). Тая забарона дагэтуль не знятая.

Усяго з пачатку месяца пад забарону Рассельгаснагляду патрапіла прадукцыя 4 беларускіх прадпрыемстваў, узмоцнены кантроль уведзены ў дачыненні да 16.

Апошнія навіны