Вялікабрытанія паставіла рэкорд у чыстай энэргіі праз шторм
- 21.05.2021, 21:16
У траўні вецер даў брытанцам 18 працэнтаў усёй электраэнэргіі.
Штормы ў Вялікабрытаніі дазволілі краіне паставіць рэкорд у выпрацоўцы чыстай энэргіі. Моцны вецер раніцай 21 траўня падсілкаваў электрычнасцю больш за палову Злучанага Каралеўства, піша The Guardian.
Турбіны ветраных электрастанцый краіны за некалькі гадзін выпрацавалі амаль 62,5 адсотка ўсёй электраэнэргіі Вялікабрытаніі. Папярэдні рэкорд у 59,9 адсотка быў у жніўні 2020 года пасля ураганаў «Элен» і «Фрэнсіс».
У траўні вецер даў брытанцам 18 працэнтаў усёй электраэнэргіі, годам раней гэты паказчык быў крыху вышэйшы - 20 адсоткаў. Паводле звестак ангельскай электраэнэргетычнай і газавай кампаніі National Grid, 2020 год стаў самым экалагічна чыстым для нацыянальнай энэргетыкі. Узровень выкідаў вуглякіслага газу на адзінку выпрацоўкі электрычнасці дасягнуў гістарычнага мінімуму.
Незалежны кліматычны аналітычны цэнтр Ember заявіў, што ў 2020 годзе аднаўляльная электраэнэргія ў Вялікабрытаніі ўпершыню апярэдзіла вытворчасць выкапнёвага паліва. Арганізацыя адзначыла, што выкарыстанне ветру, сонечнага святла, вады і драўніны ў якасці альтэрнатыўных крыніц энэргіі дало Вялікабрытаніі 42 адсоткі электрычнасці, тады як газавыя і вугальныя электрастанцыі выпрацавалі 41 працэнт ад усяго аб'ёму.
Замена традыцыйных крыніц энэргіі альтэрнатыўнымі станцыямі стала папулярнай тэндэнцыяй у апошнія гады праз узмоцненую барацьбу са зменай клімату. Стратэгія пераходу на чыстыя тэхналогіі прадыктаваная і Парыжскім пагадненнем аб нулявым вугляродным следзе. Тым не менш, спецыялісты Патсдамскага інстытута змены клімату лічаць глабальнае пацяпленне практычна непазбежным. З 400 прааналізаваных навукоўцамі кліматычных сцэнарыяў толькі 50 дазволяць пазбегнуць росту тэмпературы вышэй 1,5 градуса Цэльсія.