The Guardian пра смерць Вітольда Ашурка: Гэта ўбачыў увесь свет
- 30.05.2021, 19:43
Брытанскае выданне звяртае ўвагу ўсяго свету на сітуацыю ў Беларусі.
«Сотні прыйшлі развітацца з палітвязнем Вітольдам Ашуркам. Яго хавалі пад бел-чырвона-белым сцягам, а мясцовая міліцыя сачыла за развітальнай цырымоніяй, - піша брытанскае выданне The Guardian. - Пасля леташніх масавых дэманстрацый супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі 50-гадовага Вітольда Ашурка асудзілі на пяць гадоў калоніі, дзе ён правёў менш за год. Калі цела палітвязня вярнулі сям'і, ягоная галава была цалкам забінтаваная - быў бачны толькі рот, адзначыў сябар сям'і.
За месяц да сваёй смерці Вітольд Ашурак распавёў, што палітычных зняволеных прымушалі насіць жоўтыя біркі, якія ідэнтыфікавалі арыштантаў як экстрэмістаў. Урад апублікаваў відэа, на якім палітвязень упаў і стукнуўся галавой, нібыта пасля чаго неўзабаве памёр. Чаму ён упаў, застаецца загадкай. Некаторыя блізкія мяркуюць, што яго, магчыма, збівалі і катавалі.
Міжнародная ўвага вярнулася да Беларусі пасля прымусовага спынення самалёта і затрымання Рамана Пратасевіча. Але ўвесь гэты час у краіне не спынялася самае маштабнае падаўленне іншадумства з часоў Савецкага Саюза. У краіне сотні палітвязняў, і прадаўжаецца беспрэцэдэнтны ціск як на незалежных журналістаў, так і на актывістаў.
«Яны парушалі закон да гэтага, яны збівалі людзей, катавалі на Акрэсціна ў жніўні - я не бачу нічога асаблівага ў інцыдэнце з самалётам, проста тут гэта ўбачыў увесь свет», - сказаў беларускі журналіст, які папрасіў не называць сваё імя.
У артыкуле таксама згадваюцца разгром tut.By, суіцыд 17-гадовага Дзмітрыя Стахоўскага, прысуд на 18 гадоў калоніі Дзянісу Ураду.