Кіраўнік МЗС Нямеччыны вінны скрыню піва калегу з Вялікабрытаніі
- 29.06.2021, 21:26
Ангельскія футбалісты выбілі каманду Нямеччыны з Еўра-2021.
Міністр замежных спраў Нямеччыны Хайка Маас паспрачаўся са сваім калегам з Вялікабрытаніі Дамінікам Раабам на скрыню піва аб выніках футбольнага матчу паміж зборнымі дзвюх краін. Кіраўнік нямецкага МЗС расказаў пра гэта ў Twitter.
«Мой калега і я згодныя амаль ва ўсім, што тычыцца міжнароднага парадку, але не адносна таго, хто пераможа ў сённяшнім матчы на стадыёне «Уэмблі», - падкрэсліў дыпламат. Ён удакладніў умовы спрэчкі, паводле якіх прадстаўнік краіны, якая пераможа, атрымае скрыню піва ад таго боку, што саступіць.
На матчы ў Лондане каманда Англіі падолела немцаў у 1/8 фіналу чэмпіянату Еўропы ў футболе з лікам 2:0. Ангельскія футбалісты выбілі каманду Нямеччыны з Еўра-2021. Такім чынам, Маас вінны Раабу скрыню піва.
Ангельская каманда сустрэнецца ў 1/4 фіналу чэмпіянату Еўропы з пераможцам матчу Украіна - Швецыя.