BE RU EN

Валютныя абмежаванні ў Беларусі: Як цяпер прадаваць кватэры і рабіць замежныя ўклады

  • 10.07.2021, 22:28

Ёсць некалькі важных момантаў.

У Беларусі пачаў працаваць зменены закон «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі». У ім даволі шмат важных момантаў. Напрыклад, паводле яго з 9 ліпеня набываць нерухомасць за мяжой ці каштоўныя паперы можна будзе без дазволу Нацбанка, затое некаторыя дамовы ў валюце фізічным асобам цяпер давядзецца рэгістраваць.

Myfin.by разбіраўся, пра якія менавіта дамовы ідзе гаворка, як і дзе іх трэба рэгістраваць і што будзе, калі гэтага не зрабіць.

Якія дамовы закране новы закон?

Гэтае патрабаванне тычыцца і юрыдычных (ім, да прыкладу, трэба будзе рэгістраваць экспартныя і імпартныя кантракты), і фізічных асобаў, але мы разгледзім моманты, якія тычацца простых грамадзянаў.

Такім чынам, пад рэгістрацыю падпадаюць валютныя дамовы з нерэзідэнтамі, калі сума грашовых абавязальніцтваў у іх не вызначаная, роўная або перавышае 2000 базавых велічыняў на дату заключэння дамовы. Пры цяперашнім памеры базавай гаворка ідзе пра суму 58 тысячаў рублёў і вышэйшую.

Гэта могуць быць дамовы на:

набыццё або продаж нерухомасці;

набыццё або продаж каштоўных папераў;

вылучэнне пазыкаў;

адкрыццё дэпазіту ў замежным банку і гэтак далей (поўны пералік выкладзены ў інструкцыі Нацбанка №37 ад 12 лютага 2021 года).

Але калі коратка, то логіка такая: пры продажы кватэры пакупніку з Беларусі рэгістрацыя для дамовы не спатрэбіцца, а вось калі яе набудзе, напрыклад, украінец, то давядзецца рэгістраваць дамову.

Адзначым, што валюта ў такой дамове можа быць любая – і беларускі рубель у тым ліку.

Дзе, як і калі трэба рэгістраваць дамову?

На партале Нацбанка ёсць спецыяльны раздзел. Спачатку ён працаваў у тэставым рэжыме, але сёння запушчаны ў прамысловую эксплуатацыю. Усе ўліковыя запісы карыстальнікаў у ім захаваліся.

Акрамя таго, зарэгістраваць дамову можна і праз банкі. Праўда, паслуга будзе платная – парадку 20–30 рублёў.

– валютную дамову трэба рэгістраваць да здзяйснення рэзідэнтам дзеянняў, накіраваных на выкананне валютнай дамовы, альбо не пазней за сем працоўных дзён з даты, наступнай за датай паступлення грашовых сродкаў паводле валютнай дамовы на рахунак рэзідэнта ў банку (у тым ліку і ў замежным), у залежнасці ад таго, што наступіць раней, – тлумачыць кіраўнік галоўнай управы валютна-фінансавага маніторынгу Нацбанка Дзяніс Шкурынскі.

Што рабіць тым, хто заключыў валютную дамову з нерэзідэнтам да 9 ліпеня?

Неабходнасць рэгістраваць раней заключаныя дамовы таксама можа з’явіцца. Гаворка можа ісці, напрыклад, пра дамовы арэнды, аплаты кансультацыйных, адукацыйных паслуг і гэтак далей. Пры гэтым нават калі пасля 9 ліпеня вам засталося выплаціць паводле такой дамовы менш за 2000 базавых, рэгістраваць яе ўсё роўна трэба.

– валютная дамова мусіць быць зарэгістраваная на вэб-партале, калі сума грашовых абавязальніцтваў у ёй не вызначаная альбо на дату яе заключэння роўная ці перавышае вызначаную парогавую велічыню (2000 базавых для фізічных асобаў і 4000 базавых для юрыдычных асобаў) і паводле яе праводзяцца валютныя аперацыі, пералічаныя ў інструкцыі. Калі паводле такой дамовы прадугледжанае выкананне абавязальніцтваў пасля 9 ліпеня, яна мусіць быць зарэгістраваная незалежна ад сумы нявыкананых абавязальніцтваў, – удакладніў Дзяніс Шкурынскі.

А калі я нічога не набываю за мяжой, а, наадварот, прадаю замежніку?

Бываюць сітуацыі, калі беларус не набывае нешта за мяжой, а сам прадае маёмасць, каштоўныя паперы замежніку або, напрыклад, здае яму кватэру ў арэнду на доўгі тэрмін. Паводле закону, такую дамову (калі яна адпавядае крытэрам – сума перавышае 2000 базавых і гэтак далей), таксама трэба рэгістраваць. Бо ў нарматыўна-прававых актах сказана, што рэгіструюць дамовы паміж рэзідэнтам і нерэзідэнтам. Хто з іх пакупнік або прадавец – значэння не мае. Галоўнае правіла: рэгістраваць дамову павінен менавіта рэзідэнт Беларусі.

Што будзе, калі не зарэгістраваць валютную дамову?

Адказнасць за невыкананне абавязкаў рэгістрацыі валютнай дамовы прапісаная ў адміністрацыйным кодэксе. Максімальны штраф для фізічнай асобы – 5 базавых велічыняў (145 рублёў).

Апошнія навіны