Што больш за ўсё падаражэла ў чэрвені?
- 13.07.2021, 17:39
Кошты тавараў і паслуг сталі самымі высокімі за апошнія пяць гадоў у Беларусі.
Больш за ўсё - на 0,9% - у Беларусі за апошні месяц падаражэлі паслугі, паведамляе Белстат. Асабліва прыкметна выраслі кошты паслуг у ахове жылых дамоў і міжнародныя чыгуначныя перавозкі, якія ў чэрвені да траўня падаражэлі на 21% і 11% адпаведна.
На другім месцы ў росце коштаў у чэрвені нехарчовыя тавары, якія дадалі ў сярэднім 0,7%. Самым падаражэўшым таварам сталі дывановыя дарожкі: за месяц іх кошты выраслі прыкладна на 8%.
З прадуктаў больш за ўсё падаражэлі сезонныя гародніна і садавіна, а таксама некаторыя прысмакі (да прыкладу, халва і карамель за месяц дадалі 4% і 2% адпаведна), хлебабулачныя вырабы, катлеты, квас і маянэз.
З пачатку года кошты тавараў і паслуг у краіне выраслі амаль на 6%. Гэты паказчык стаў самым высокім за апошнія пяць гадоў.
Топ-5 самых падаражэўшых тавараў і паслуг у чэрвені ў параўнанні з траўнем
буракі - 68%
капуста - 50%
бульба - 46%
морква - 30%
ахова жылых дамоў - 21%
Топ-5 самых падаражэўшых тавараў і паслуг з пачатку 2021 года
буракі - 175%
бульба, морква - 122%
капуста - 109%
цыбуля рэпчатая - 52%
паслугі цыркаў - 36%