BE RU EN

Абдымкі сціскаюцца - справа засталася за намі

  • TELEGRAM-КАНАЛ «МЕНСКРАЗАМ!»
  • 13.07.2021, 17:55

Хай гэтае лета будзе гарачым не толькі па паказчыках тэрмометраў.

Ужо шмат увагі было нададзена свежаму артыкулу расейскага дыктатара Пуціна, дзе ён, узброіўшыся школьнымі падручнікамі, доўга палемізаваў над цывілізацыйным супрацьстаяннем і прыйшоў да высновы аб тым, што расейцы, беларусы і ўкраінцы (барабанны дроб) - адзіны рускі народ. І наогул, раз СССР распаўся, то пара вярнуцца да межаў 1922 года.

Навуковасць гэтага артыкула на ўзроўні студэнта на іспыце мы абмяркоўваць не будзем. Гэта недарэчна. Але гэта з'яўляецца чарговым напамінкам пра імперскія амбіцыі суседа. Акрамя таго, дэ-факта гэта выстаўленне тэрытарыяльных прэтэнзій да суседзяў.

Што маем мы? Беларусь знаходзіцца пад сур'ёзнымі санкцыямі, і пасля чарговага выпаду вар'ята з сінімі пальцамі яны могуць узмацніцца. Украіна ўжо трымае асадку над паперай.

Санкцыі - гэта, зразумела, добра ў палітычным плане. Гэта ўдар па кішэнях рэжыму, гэта ўдар па лядоўнях тых, хто «а хто, калі не ён?».

Аднак ёсць зерне праўды і ў меркаваннях праціўнікаў санкцый, якія сцвярджаюць, што яны падрываюць нашу незалежнасць.

Ва ўмовах практычна поўнай ізаляцыі, калі застаўся, лічы адзін хаўруснік, Беларусь усё больш і больш трапляе ў брацкія абдымкі пуцінскай Расеі. І чым даўжэй гэта цягнецца, тым мацней абдымкі сціскаюцца, што ў канчатковым рахунку можа ператварыць нас у адну з аўтаномных рэспублік.

Якая выснова? Санкцыі нясуць станоўчы эфект у барацьбе з рэжымам, яны неабходныя. Але яны неабходныя толькі на кароткі прамежак часу, бо падрываюць самастойнасць, а добры сусед у Крамлі ўжо пацірае рукі.

Гэта балансаванне на лязе нажа.

Беларусы, Еўропа і ЗША ўжо зрабілі шмат для нас - гэта падтрымка фондаў і СМІ, гэта спрошчаныя праграмы адаптацыі для вымушаных эмігрантаў, гэта санкцыі. Больш яны зрабіць ужо нічога не змогуць. Не прыляціць на блакітным верталёце чараўнік з эскімо!

Для нас зрабілі ўжо шмат! Усё, цяпер самі! Справа засталося за намі! Хай гэтае лета будзе гарачым не толькі па паказчыках тэрмометраў!

Telegram-канал «МенскРазам!»

Апошнія навіны