Бухгалтарка «Нашай Нівы» Вольга Раковіч выйшла на свабоду
- 16.07.2021, 20:32
Раковіч, як і іншых «нашаніўцаў», затрымалі 8 ліпеня.
Бухгалтарку «Нашай Нівы» Вольгу Раковіч нечакана адпусцілі з Акрэсьціна 16 ліпеня.
Пра гэта «Нашай Ніве» паведамілі яе сваякі.
Раковіч, як і іншых «нашаніўцаў» (Андрэя Дынько, Ягора Марціновіча, Андрэя Скурко), затрымалі 8 ліпеня.
На волю таксама выйшла былая кандыдатка ў дэпутаты з Бараўлян Марыя Вайтовіч - маці траіх непаўналетніх дзяцей. Яе падазравалі ў «сувязі з тэрарыстычнай ячэйкай».
Тым часам затрыманым «нашаніўцам» не аддаюць перадачы, піша «НН». Другі тыдзень журналісты застаюцца ў тым жа адзенні, у якім іх затрымалі. У іх няма ні зменнай бялізны, ні элементарных сродкаў гігіены, ні дадатковай ежы і пітва. Таксама затрыманым не перадаюць гуманітарныя наборы, якія на Акрэсціна перадае «Чырвоны Крыж».
Людзі ў ізалятары спяць на падлозе або на шконках без бялізны і матрацаў. Усё гэта з'яўляецца грубым парушэннем закона і ўнутраных правілаў ІЧУ.