BE RU EN

Марціновіч і Скурко ўзятыя пад варту

  • 21.07.2021, 20:28

Дынько вызвалены сёння пад абавязанні аб прыходзе.

Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу Андрэй Скурко ўзятыя пад варту. Іх перавядуць з ізалятара на Акрэсціна ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску, паведамляе «Наша Ніва».

Пра меру затрымання, абраную СК у дачыненні да Марціновіча, стала вядома а 19:00, хаця рашэнне павінны былі прыняць да 13:40, а па Андрэю Скурко - да 13:00. Паводле гэтага факту ўжо накіраваная скарга ў пракуратуру Менска.

З дня затрымання 8 ліпеня супрацоўнікі «НН» не маюць пры спякоце зменнай бялізны і мінімальных сродкаў гігіены, ім не выдаюць матрацы і пасцельную бялізну. Сваякі звярнуліся ў сувязі з гэтым на жывую лінію МУС.

Галоўны рэдактар часопісаў «Наша гісторыя», «Дуда» і «Асцярожна: Дзеці!», экс-рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько вызвалены сёння пад абавязанне аб прыходзе.

Сёння скончыліся 72 гадзіны з моманту іх паўторнага затрымання.

Усе трое былі затрыманыя 8 ліпеня праз падазрэнне ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса. У іх дома, у рэдакцыі выдання, у офісе бухгалтэрыі прайшлі ператрусы. Акрамя таго, Мінінфарм абмежаваў доступ да сайта nn.by. Затрыманых адвезлі ў ізалятар на Акрэсціна. Праз 10 дзён ім не выставілі абвінавачванняў, але і не выпусцілі, затрымаўшы паўторна яшчэ на тры дні паводле ч. 2 арт. 216 КК (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асоб на папярэднюю змову або ў значным памеры).

Апошнія навіны