«Коммерсантъ»: Праз санкцыі Захаду ў рэжыму Лукашэнкі няма ні грошай, ні сілаў
- 5.07.2021, 20:48
Міграцыйная вайна Лукашэнкі рызыкуе закрануць і Расею.
Літва пад ударам міграцыі. Краіна ўводзіць рэжым экстрэмальнай сітуацыі ў сувязі з наплывам нелегалаў з Беларусі. Раней Лукашэнка заявіў, што краіна больш не будзе стрымліваць плынь прыезджых з Блізкага Усходу. Прычына ў тым, што праз санкцыі Захаду ў Менска на гэта няма «ні грошай, ні сілаў». У выніку з 1 чэрвеня на літоўскай мяжы затрыманыя больш за 1 тыс. мігрантаў. Палітычны аглядальнік «Ъ FM» Дзмітрый Дрызэ мяркуе, што так званая міграцыйная вайна рызыкуе закрануць і Расею.
Аэрапорт Менска прымае адразу некалькі рэйсаў на тыдзень з Турцыі і Ірака. Потым, як сцвярджаюць у Еўразвязе, беларускія туркампаніі дастаўляюць прыезджых «турыстаў» да літоўскай мяжы. А там яны прасочваюцца на тэрыторыю ЕЗ. Гэта, да ўсяго іншага, яшчэ і выгодны бізнэс. Кошт перапраўкі аднаго мігранта даходзіць да € 15 тыс. Зразумела, што для зусім невялікай Літвы наяўнасць нават некалькіх сотняў такіх гасцей – без пяці хвілінаў гуманітарная катастрофа.
Улады ў Менску на ўсё на гэта зазначаюць, што ў іх, маўляў, ніякіх праблемаў няма. Незразумела, што там суседзяў не задавальняе. Між тым Аляксандр Лукашэнка наўпрост заявіў, што праз санкцыі Захаду ягоная краіна не мае магчымасці больш стрымліваць мігрантаў – няма ў іх на гэта ні часу, нi сiлаў. Самі ўчынілі пажар у Іраку, Афганістане, а мы, беларусы, павінны іх усіх стрымліваць. Іншымі словамі, вы мяне як законную ўладу не паважаеце – тады вось вам адказ. Сітуацыя сапраўды складаная. Цяпер пытанне развязваецца на ўзроўні Еўракамісіі – Літве будуць дапамагаць, а Лукашэнку, мабыць, чакаюць чарговыя санкцыі.
Тэарэтычна пытанне гэтае развязальнае. На мяжы ўзводзіцца сцяна, запрашаюцца дадатковыя кантынгенты. Трэба фінансаванне – яго можна адшукаць – тым больш калі ўсім Еўрапейскім Звязам наваліцца. Тым часам Вільня прапануе дыпламатычны статус офісу Святланы Ціханоўскай. Гэта можна ўважаць за своеасаблівы адказ менскім уладам: падтрымку апазіцыі згортваць не збіраемся, нават наадварот. І гэта, цалкам магчыма, толькі пачатак. Прыкладу Вільні гатовыя прытрымлівацца і іншыя дзяржавы. Гэта значыць ісці да Аляксандра Рыгоравіча з выбачэннямі, падобна, ніхто не збіраецца.
У выніку мы бачым, што сучасная Беларусь усё больш ператвараецца ў асяродак нестабільнасці. У гарачы пункт на мапе Еўропы. І гэта вельмі мякка сказана.
А з Бранска паведамляюць, што на мяжы з Беларуссю затрыманыя некалькі дзясяткаў нелегалаў з Блізкага Усходу. У перспектыве ЕЗ, напэўна, у стане закрыць свае межы. А калі планамерна завозіць у краіну «турыстаў» з Ірака і Афганістана, то яны пачнуць назбірвацца. Таму ім лагічна кудысьці перамяшчацца. Куды менавіта? Пры тым што ўзурпатар загадаў зачыніць украінскую мяжу. Адказ знайсці нескладана – у Расею, а праз нас далей у Еўропу.
Дзе тонка, там і рвецца. Тут зачынілі – пойдуць у іншае месца, дзе прасцей прайсці. Тым больш калі планамерна завозіць турыстаў рэгулярнымі авіярэйсамі, яны будуць назбірвацца – трэба іх некуды выпраўляць. Так што ёсць рызыка, што і Расеі ўсё гэта таксама неўнікнёна адгукнецца. З гэтай нагоды не павінна ўзнікаць ілюзій. Што вось пакараем гэтых ганарыстых еўрапейцаў і, тым больш, нядобразычлівую Літву. Гэта ў прынцыпе тое самае, што і «бамбёжкі Варонежа» – вялікая рызыка на сябе бяду наклікаць.