Кошт нафты пабіў трохгадовы рэкорд
- 5.07.2021, 21:27
Прычынай падаражання эксперты называюць рознагалоссі ў АПЕК+.
На лонданскай біржы ICE кошты нафты падчас вечаровай гандлёвай сесіі 5 ліпеня растуць больш чым на 1,3%. Так, кошт нафты Brent падняўся вышэй за 77 даляраў за бараль упершыню з 30 кастрычніка 2018 года. Пра гэта сведчаць звесткі гандлю на ICE, паведамляе korrespondent.net.
Кошт вераснёўскіх ф'ючэрсаў на паўночнаморскую нафтавую сумесь маркі Brent на стан 20:03 паводле Менска рос на 1,31%, да 77,13 даляра за бараль. Апошні раз "бочка" Brent каштавала даражэй за 77 даляраў у канцы кастрычніка 2018 года.
Кошт жнівеньскіх ф'ючэрсаў на WTI падымаўся на 1,6%, да 76,32 даляра за бочку.
Паводле звестак агенцтва Bloomberg, рост коштаў нафты звязаны з рознагалоссямі паміж удзельнікамі АПЕК+. Сёння, 5 ліпеня, у Вене закончыліся інтэнсіўныя перамовы, якія доўжыліся некалькі дзён. Іхнія ўдзельнікі не змаглі пераадолець узніклыя супярэчнасці паміж Саудаўскай Аравіяй і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі (ААЭ).
Акрамя таго, адзначае выданне, дата наступнай сустрэчы не ўзгодненая. Крах перамоваў у АПЕК+ азначае, што альянс не будзе павялічваць здабычу нафты ў жніўні, што можа выклікаць дэфіцыт на рынку на фоне аднаўлянай сусветнай эканомікі.