Еўрачыноўнік растлумачыў сутнасць фінансавых санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі
- 5.07.2021, 21:35
Замарожаны самы запатрабаваны інструмент.
З увядзеннем чацвёртага пакету санкцый ЕЗ банкаўская сістэма Беларусі страчвае магчымасці папаўняць рэсурсы, якіх і так не стае. Сітуацыя будзе пагаршацца і праз рэакцыі кліентаў і партнёраў унутры краіны: яны могуць забраць уклады і згарнуць супрацоўніцтва.
Еўрарадыё паразмаўляла з еўрачыноўнікам і беларускім эканамістам Дзмітрыем Крукам, каб даведацца, на які эфект прымеркаваныя фінансавыя санкцыі і што з гэтага можа атрымацца.
Замарожаны самы запатрабаваны інструмент
Гаворка ідзе пра забарону арганізацыям ЕЗ інвеставаць, набываць, прадаваць, дапамагаць выпускаць каштоўныя паперы або працаваць з іншымі фінансавымі інструментамі, прымеркаванымі на тэрмін большы за 90 дзён, якімі карыстаюцца беларускі ўрад, дзяржарганізацыі або арганізацыі, дзе дзель дзяржавы складае больш за 50%.
Таксама Еўрапейскі інвестыцыйны банк прыпыняе фінансаванне дзяржсектару Беларусі нават паводле наяўных кантрактаў i пагадненняў.
Аднак супрацоўніцтва ў фінансавай сферы з ЕЗ усё ж магчымае, ды толькі на кароткія тэрміны. Прадстаўнік ЕЗ адзначае, што тут шмат агульнага з антырасейскімі санкцыямі. Пры гэтым у дачыненні да Беларусі Еўразвяз пайшоў яшчэ далей.
– Забароненыя такія аперацыі не толькі ў дачыненні да дзяржаўных банкаў або арганізацый, але і непасрэдна ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь, яе ўраду і дзяржаўных органаў.
Акрамя таго, у фінансавым сектары таксама існуе забарона на страхавыя i перастраховачныя паслугі ўраду Беларусі, ягоным дзяржаўным органам або агенцтвам і асобам, што дзейнічаюць ад іх імя.
Гэты захад нельга знайсці ў санкцыях супраць Расеі, і ён паказвае, што ЕЗ таксама хацеў зрабіць яшчэ адзін крок. Іх можна знайсці ў некалькіх іншых рэжымах санкцый, напрыклад у сірыйскім.
Тэрмін 90 дзён значыць, што санкцыі не закрануць аперацыі ў кароткатэрміновым фінансаванні. Аднак кароткія тэрміны – не самы зручны варыянт для беларускага боку, бо з пачатку пазыкі за тры месяцы трэба і цалкам яе выплаціць. Акрамя таго, забарона распаўсюджваецца на пераважную большасць сярэднетэрміновых і доўгатэрміновых пазык, адзначае суразмоўца.
Паводле звестак Нацбанка, у пачатку 2021 года знешняя запазычанасць беларускіх банкаў складала $ 5,2 млрд. З іх 59% – гэта доўгатэрміновыя пазыкі. Гэта значыць з тэрмінам выплаты большым за 1 год.
Санкцыі ў дачыненні да страхавання і перастрахавання азначаюць, што, калі хто-небудзь захоча, напрыклад, застрахаваць крэдыт ці праект, звязаны з Беларуссю, зрабіць гэта ў Еўропе не атрымаецца.
Рызыкі для банкаў – зніжэнне заробку і ліквіднасці
Ідэя санкцый заключаецца ў тым, каб змяніць паводзіны беларускіх уладаў, адзначае чыноўнік ЕЗ.
– Мы спрабуем дасягнуць дзвюх мэтаў: пераканацца, што ЕЗ ніякім чынам не падтрымлівае практыку рэпрэсій, і абмежаваць крыніцы фінансавання рэжыму ды ізаляваць яго фінансава, – кажа прадстаўнік ЕЗ.
На думку старэйшага навуковага супрацоўніка BEROC Дзмітрыя Крука, забарона на пазычанне беларускім банкам паўплывае на банкаўскую сістэму ў чатырох кірунках.
Перш за ўсё зменшацца пасівы і ліквіднасць банкаў у замежнай валюце.
– Аднак такое ўздзеянне, хутчэй за ўсё, будзе расцягнутым у часе, паколькі ўмовы ўвядзення санкцый дазваляюць прадаўжаць выкананне ранейшых кантрактаў.
Шмат залежыць і ад таго, як мэнэджары банкаў адрэагуюць на санкцыі. Напрыклад, яны могуць пайсці на змяншэнне крэдытных партфеляў ці пойдуць на стварэнне больш выгадных умоваў для кліентаў.
– Гэта можа прывесці да зніжэння рэнтабельнасці і павышэння ўзроўню схільнасці да іншых рызыкаў, – мяркуе Дзмітрый Крук. – Яшчэ адным эфектам будзе выпушчаная выгода, звязаная са скарачэннем супрацоўніцтва з ЕЗ.
Хутчэй за ўсё банкі могуць адчуць на сабе такое наступства санкцый, як інфармацыйны шок, кажа эксперт. Гэта адно з найбольш важных наступстваў.
– Калі кліенты і контрагенты банкаў павераць у тое, што санкцыі прывядуць да пагаршэння стану названых банкаў, гэта можа прывесці да адтоку сродкаў з іх, абмежавання супрацоўніцтва з падсанкцыйнымі банкамі і / або пагаршэння для іх умоваў такога супрацоўніцтва.
Гэта прывядзе да дадатковых рызыкаў і стратаў для банкаўскага сектару. Паводле звестак Нацбанка, з траўня падае індэкс эканамічных настрояў. Ён павялічваўся з канца мінулага года.
Расейскім партнёрам санкцыі не пагражаюць
У той самы час беларускія ўлады спадзяюцца замяніць еўрапейскі фінансавы рынак расейскім. Ужо пастаноўлена размясціць там аблігацыі на 100 млрд расейскіх рублёў. Цікавімся ў еўрачыноўніка, ці не прадугледжаныя санкцыі для расейскіх контрагентаў за супрацоўніцтва з Беларуссю?
– Расейскія банкі не звязаныя санкцыямі ЕЗ, таму яны могуць свабодна набываць такія беларускія аблігацыі. Аднак банкі ЕЗ не змогуць набыць іх наўпрост ці праз расейскіх пасярэднікаў, – расказвае суразмоўца.
Афіцыйная асоба ЕЗ таксама адзначае, што эканамічныя захады застаюцца вельмі рэдкай з'явай у рэжымах санкцый ЕЗ.
– Санкцыі, накіраваныя на гандаль або ўведзеныя фінансавыя абмежаванні вельмі рэдкія. У цяперашні час у ЕЗ дзейнічаюць 22 аўтаномныя рэжымы санкцый, і такія сектаральныя захады дзейнічаюць толькі ў дачыненні да Расеі, Сірыі і цяпер Беларусі.
На заканчэнне суразмоўца падкрэслівае, што ЕЗ ніколі не ўжывае поўнае эмбарга, а заўсёды накіраваны на канкрэтныя сектары.
– Мы спрабуем выбраць тыя сектары, якія могуць максімальна ўплываць на беларускі рэжым і ягоных прыхільнікаў, а таксама на ягоную эканамічную базу, абараняючы пры гэтым інтарэсы беларускага народа.