Галоўнага канструктара гіпергукавой сістэмы ў Расеі затрымалі за дзяржздраду
- 12.08.2021, 18:35
Аляксандр Кураноў быў затрыманы аператыўнікамі ФСБ.
Генеральны дырэктар і галоўны канструктар ААТ «Навукова-даследчае прадпрыемства гіпергукавых сістэм» (НДПГС) Аляксандр Кураноў быў затрыманы 12 жніўня аператыўнікамі ФСБ.
Як паведамляе ТАСС са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах, 73-гадовы Кураноў праходзіць паводле справы аб дзяржаўнай здрадзе. Ён падазраецца ў перадачы распрацовак замежным спецслужбам. У Ляфортаўскі суд Масквы паступіла хадайніцтва следчых аб арышце навукоўца на два месяцы, якое было задаволенае.
Доктар тэхнічных навук і прафесар кафедры сістэм і тэхналогій кіравання Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага політэхнічнага ўніверсітэта, Кураноў кіраваў навукова-даследчымі і эксперыментальнымі працамі ў развіцці канцэпцыі гіпергукавой хуткасці атмасфернага палёту і асноўных напрамкаў стварэння гіпергукавых тэхналогій.
Аўтар больш за 120 патэнтаў, ён працаваў над так званай канцэпцыяй «Аякс», якая была створаная яшчэ пры СССР і ўключала даследаванне спецыяльнага тэрмахімічнага рэактара, а таксама шэрагу тэхналогій, якія дазваляюць астуджваць лятальны апарат на гіпергукавой хуткасці.
НДПГС, які ўзначальвае навуковец, уваходзіць у холдынг «Ленінец», у мінулым аднайменнае аб'яднанне, якім з 1985 года кіруе Анатоль Турчак - бацька сакратара генеральнай рады партыі «Адзіная Расія» Андрэя Турчака.
У 1992 годзе «Ленінец» на рашэнне ўрада быў ператвораны ў першую холдынгавую кампанію ў вайскова-прамысловым комплексе. Яе генеральным дырэктарам з'яўляецца старэйшы сын Турчака Барыс, адзначае РБК.
На гэты момант расейскія ўлады заяўляюць пра распрацоўку ў краіне трох відаў гіпергукавых комплексаў.
Гэта авіяцыйныя комплексы «Кінжал», сістэма «Авангард» з гіпергукавым блокам планавання і гіпергукавая ракета «Цыркон» наземнага і марскога базавання. Усе гэтыя тыпы ўзбраенняў былі прадстаўлены прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным у ходзе паслання Федэральнаму сходу ў 2018 годзе.
Паводле звестак амерыканскага Nuclear Threat Intiative (NTI), на лістапад 2019 год з анансаваных Расеяй распрацовак толькі комплексы «Кінжал», створаныя для мадэрнізаваных далёкіх перахопнікаў МіГ-31, у рэчаіснасці існавалі ў войсках. Што да іншых распрацовак, то яны альбо з'яўляюцца аддаленай перспектывай, альбо немагчымыя ў прынцыпе, пісалі эксперты NTI.