Лукашэнку пачалі сур'ёзна душыць
- 13.08.2021, 17:55
Беларускі экспарт пакідаюць без еўрапейскага транзіту.
Пачалі з'яўляцца першыя эфекты ад міжнародных санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, паведамляе «Белсат».
У снежні, калі ўвойдуць у дзеянне новыя абмежавальныя захады ЗША, літоўская чыгунка і парты цалкам спыняць транзіт беларускіх калійных угнаенняў. Пра гэта ў інтэрв'ю літоўскім журналістам распавёў міністр транспарту Літвы Марус Скуодзіс. З ягоных слоў, санкцыі супраць «Беларуськалію» робяць немагчымымі эканамічныя дачыненні з прадпрыемствам.
«Мы размаўлялі на гэтую тэму з міністрам замежных спраў Літвы. Гэта вельмі важны фактар, бо ён прымусіць рэжым мяняць лагістыку паставак калійных угнаенняў. Гэта можна разглядаць і як адказ літоўскага боку на тое, як рэжым паводзіць сябе ў міграцыйным пытанні. Кошт транзіту, кошт паставак узрасце», - распавядае кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка.
Што тычыцца «Беларуськалію», то Лукашэнка ўжо неаднаразова абяцаў перанакіраваць транзіт угнаенняў у расейскія парты.
«Гэта так званы «Паўночны марскі шлях». Гэты шлях пакуль не мае належнай інфраструктуры. Ён замярзае на тры месяцы і патрэбныя дадатковыя магутнасці, каб разбіваць гэты лёд», - кажа эканамістка Таццяна Манёнак.
Указ пра новыя санкцыі супраць афіцыйнага Менска прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў у панядзелак. Акрамя «Беларуськалію» ў спісе значацца Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі і шэраг бізнэсоўцаў, блізкіх да асяродку Аляксандра Лукашэнкі.