BE RU EN

Мігрантаў з Ірака завозіла турфірма ўпраўлення справамі Лукашэнкі

  • 13.08.2021, 18:30

Цэнтр «Дасье» і нямецкае выданне Der Spiegel распавялі, як Лукашэнка пачаў гандляваць людзьмі.

Цэнтр «Дасье» Міхаіла Хадаркоўскага і нямецкае выданне Der Spiegel апублікавалі дакументы, якія пацвярджаюць, што да міграцыйнага крызісу ў Літве датычныя беларускія ўлады. Перавозка грамадзян Ірака да беларуска-літоўскай мяжы ажыццяўлялася пры ўдзеле дзяржаўнай турыстычнай кампаніі «Цэнтркурорт», якая ўваходзіць у структуру ўпраўлення справамі Лукашэнкі.

У адказ на пагаршэнне стасункаў з Еўропай улады Беларусі наважылі выкарыстоўваць плынь мігрантаў для шантажу еўрапейскіх краін, мяркуюць аўтары расследавання «Дасье» і Der Spiegel. Калі вясной 2021 года колькасць уцекачоў, якія траплялі ў Еўразвяз праз беларускую мяжу, ішла на дзясяткі, то ўжо да лета наплыў вырас да больш чым 100 чалавек у дзень.

З траўня 2021 года колькасць рэгулярных рэйсаў з Ірака ў Беларусь стала рэзка расці. Авіякампанія Iraqi Airways, самалёты якой лётаюць з Багдаду ў Менск, павялічыла колькасць пералётаў з чатырох да пяці ў тыдзень і адкрыла новыя рэйсы з трох іракскіх гарадоў. У дадатак лятаць у сталіцу Беларусі пачаў перавозчык Fly Baghdad. Прычым «Цэнтркурорт» уваходзіў у шэраг кампаній, якія каардынавалі плынь нелегальных мігрантаў.

З апублікаваных дакументаў вынікае, што ў пачатку траўня 2021 года «Цэнтркурорт» падпісаў дамову аб супрацоўніцтве «ў развіцці міжнароднага турызму паміж краінамі арабскага свету і Рэспублікай Беларусь» з беларускай турыстычнай кампаніяй «Оскартур». Яе ўзначальвае Салах Мухэймен Аль-Асада.

Неўзабаве «Оскартур» стаў даваць справаздачу перад «ЦэнтрКурорт» аб кантактах з авіякампаніяй Fly Baghdad, а праз некалькі тыдняў пасля гэтага іракскі перавозчык запусціў рэгулярныя рэйсы ў Менск. Акрамя таго, «Оскартур» звярнуўся ў «Цэнтркурорт» з просьбай дапамагчы атрымаць візы 51 грамадзяніну Ірака, хоць выдачай віз займаецца Міністэрства замежных спраў, а не Упраўленне справамі прэзідэнта. У адным з выпадкаў «Оскартур» папрасіў «Цэнтркурорт» дапамагчы з афармленнем візы іракцу па імені Махамед Насер Алван Окбі, якому раней турыстычная кампанія прапанавала кантракт на маркетынгавыя паслугі, а копію кантракту адправіла ў «Цэнтркурорт» Упраўленне справамі Таракана.

Пасля ў «Цэнтркурорт» па візы для 10 грамадзян Ірака звярталася яшчэ адна беларуская кампанія «Берагавая зорка». З дакументаў вынікае, што праз прэзідэнцкі «Цэнтркурорт» прайшло больш за 200 заявак на візы для іракскіх грамадзян. Мэтай прыезду амаль усіх «турыстаў», у тым ліку дзяцей, было паказанае «правядзенне паляўнічага туру ў паляўнічых гаспадарках установы «Минская РОС» РГОО «БООР».

У некаторых заяўках на візы таксама ўказваліся гасцініцы размяшчэння - «Менск» і «Беларусь», але ў гатэлях іракцы не затрымліваюцца: звычайна яны праводзяць там пару начэй, а пасля едуць да памежнага пункта «Беняконі» і спрабуюць пералезці праз паўтараметровую агароджу, якая аддзяляе Беларусь ад Літвы. У выпадку поспеху перад мігрантамі адкрываюцца ўсе дзверы ў Еўропу: межы паміж краінамі Еўразвязу практычна не ахоўваюцца.

«Цэнтркурорт» таксама падпісаў дамову на аказанне транспартных паслуг з беларускай кампаніяй «Будтур», якая здае ў арэнду аўтобусы з кіроўцамі. У далейшым гэтая фірма выстаўляла «ЦэнтрКурорт» рахункі за аказанне транспартных паслуг па маршруце Менск-аэрапорт Менска-Менск. Паездкі праходзілі як мінімум тройчы: 14, 15 і 21 траўня.

Практычна ва ўсіх запытах на візы для іракцаў згадваюцца дзве кантактныя асобы з «ЦэнтрКурорт» і «Оскартура». Der Spiegel удалося паразмаўляць з былым супрацоўнікам «ЦэнтрКурорт», чыё імя сустракаецца ў запытах. З яго слоў, «Цэнтркурорт» дапамог атрымаць візы сотням грамадзян Ірака. У зоне прылёту «турыстаў» чакалі заказаныя «ЦэнтрКурорт» аўтобусы, якія развозілі іх па гатэлях у цэнтры Менска.

«Мне хутка стала ясна, што гэта не турыстычныя паездкі, - кажа экс-супрацоўнік «ЦэнтрКурорт». - Я зразумеў, што гэта ўсё незаконна, і звольніўся ў канцы траўня».

Цэнтр «Дасье» адзначае, што ў разгар міграцыйнага крызісу ў Літву на тыдзень прыязджаў Штэфан Кортэ - сябра нямецкай ультраправай партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны», якая выступае супраць міграцыі і падтрымлівае цесныя кантакты з Крамлём. Кортэ сустракаўся з літоўскімі палітыкамі, а таксама выступіў перад жыхарамі мястэчка Дзевянішкес за шэсць кіламетраў ад мяжы з Беларуссю, дзе за некалькі дзён да гэтага ўспыхнулі пратэсты супраць размяшчэння нелегальных мігрантаў. Палітык сцвярджаў, што прыезджыя пагражаюць жанчынам і дзецям, і часта чыняць гвалтоўныя злачынствы. Ён таксама параіў не звяртаць увагі, калі літоўцаў стануць называць «прапуцінскімі» праз іх нежаданне прымаць мігрантаў.

У пачатку жніўня літоўскі бок афіцыйна абвясціў аб рашэнні адпраўляць нелегальных мігрантаў назад у Беларусь. Праз бесперапынны наплыў мігрантаў літоўцы гатовыя плаціць мігрантам за ад'езд з краіны па 300 еўраў, але пакуль ахвочых з'ехаць назад няшмат.

Апошнія навіны