Меркаванне: Лукашэнка набліжае раскол у сваім асяроддзі
- 21.08.2021, 17:50
Дыктатар наступіў на інтарэсы «партманэтаў» і групы Шэймана.
«Відавочна, той раскол элітаў, якога так дамагаліся дэмакратычныя сілы, неўзабаве можа стаць рэальнасцю. І як звычайна, зноў дзякуючы Лукашэнку», - піша тэлеграм-канал «Беларускі парадак».
Днямі Лукашэнка падпісаў указ аб скасаванні льгот ПДВ для рээкспарцёра. Гэта была першапачаткова створаная пад «партманэты» схема. Прынцып у тым, што пры ўвозе тавару прызначанага для экспарту, і калі з'яўляешся мытным аператарам, то не плаціш ПДВ. Так, напрыклад, працавалі з увозам кветак у Расею.
Пад гэты ўказ працавалі дзесяткі фірмаў-пракладак, з якіх карміліся людзі рознага ўзроўню - як «Брэміна груп» і Шэйман, так і які-небудзь Васкрасенскі. Схемы працавалі як гадзіннік, прыносячы дзясяткі мільёнаў даляраў. Паралельна праводзячы яшчэ шмат розных махінацый, на парадак павялічвалі маржу.
І 31 жніўня гэтыя схемы - усё. Разам з цыгарэтамі, заніжэннем кошту тавару, і ўсім астатнім. Працаваць усё яшчэ можна, але звышпрыбытку, як раней, ужо не будзе. Мытныя склады і лагістычныя тэрміналы не такія каштоўныя актывы, за якія можна павесіцца.
Натуральна, узнікаюць пытанні з працаўнікамі, хто быў задзейнічаны ў шэрым бізнэсе. Гэта «свае» мэнэджары, «свае» перавозчыкі, брокеры і г.д. Некалькі тысяч работнікаў, хто думаў, што за Лукашэнкам будуць як у Хрыста за пазухай, апынуліся адкмнутыя ад кармушкі.
У бенефіцыяраў схема яшчэ больш складаная. Феадал разумее, што пазбавіў васалаў значнай дзелі даходаў, і магчымае закісанне. А значыць, трэба падвоіць і патроіць пільнасць. З гэтым у сілавікоў усё проста - чым больш шукаеш, тым больш знаходзіш.
Васалы, у сваю чаргу, разумеюць, што феадал з крыніцы даходу ператвараецца ў крыніцу праблем. Паўтарэння лёсу Юрыя Чыжа ніхто не хоча. А рызыкі такога зыходу, як і страх, падазрэнні і нянавісць вырастаюць шматкроць. Дадаем да гэтага санкцыі, якія не дзейнічаюць. Бо акрамя бізнэс абмежаванняў, яны маюць на мэце забарону на выдачу віз.
Такім чынам, кола краін, куды можна паляцець з валізкай гатоўкі, імкліва звужаецца. Туды, дзе Лука не дастане, паляцець нельга, не пусцяць. Куды паляцець можна - адтуль ёсць выдача ў Расею. Бо, пастаўляючы санкцыёнку ў РФ, яны парушалі як бы расейскія законы. Прычым з асаблівым цынізмам і ў асабліва вялікім памеры.
Вось і давядзецца ім, небаракам, боўтацца паміж небам і зямлёй. Адзіны шанец на адкупленне - пераход на бок сіл дабра. Тое, што не зрабілі заклікі да сумлення, каштоўнасцяў і перакананняў, зробіць чорная гатоўка.