BE RU EN

Наколькі даражэй стала сабраць дзіця ў школу для беларусаў?

  • 21.08.2021, 11:38

Сталі вядомыя лічбы па абласцях краіны.

Кошт школьнай экіпіроўкі вырас на 6-10%. Пра гэта кажуць вынікі маніторынгу коштаў асартыменту школьных тавараў, які прайшоў па ўсёй краіне. Увага надавалася найперш коштам на прадукцыю айчынных вытворцаў, паведамляе прэс-служба Федэрацыі прафзвязаў Беларусі (ФПБ).

Кошт адзення, абутку, канцылярскіх прылад значна адрозніваюцца ў рэгіёнах.

Напрыклад, даражэй за ўсё каштавацьме школьны набор (адзенне, абутак, канцылярскія тавары, дзённік, заплечнік і гэтак далей для хлопчыкаў малодшага ўзросту ў Менскай вобласці - больш за 760 рублёў, для дзяўчынак з Берасцейскай вобласці - амаль 600 рублёў. Таннейшыя зборы ў школу для сям'і з Гарадзенскай вобласці: на хлопчыка давядзецца выдаткаваць 563 рублі, на дзяўчынку - 465 рублёў.

Бацькам старшакласнікаў даражэй за ўсё каштавацьме падрыхтоўка да школы хлопчыкаў з Менскай вобласці - сума купляў складзе больш за 830 рублёў, для дзяўчынак з Берасцейскай вобласці спатрэбіцца 972 рублі. Танней за ўсё сабраць хлопчыкаў у Гомельскай вобласці - 716 рублёў, дзяўчынак Гарадзенскай вобласці - 641 рубель.

«Вынікі нашага маніторынгу паказалі, што сёння сабраць дзіця ў школу вельмі грашавітае мерапрыемства. У параўнанні з мінулым годам цэны падраслі дзесьці на 6, дзесьці на 10%, у грашовым эквіваленце бацькам давядзецца выдаткаваць на 100, а дзесьці і больш рублёў», - распавёў намеснік старшыні Федэрацыі прафзвязаў Уладзімір Пазнякоў.

Апошнія навіны