У беларускія ВНУ недабралі сем тысяч студэнтаў
- 21.08.2021, 12:13
Міністр-камуніст Карпенка паспрабаваў схаваць небывалы крах.
Агульны план прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі Беларусі ў 2021 годзе складаў блізу 55 тысяч чалавек. Аднак залічана блізу 48 тысяч абітурыентаў, піша Thinktanks.by.
Ня далей як 1 жніўня міністр адукацыі Ігар Карпенка расказаў аб планах прыёму ў беларускія ВНУ ў 2021 годзе.
«Уступная кампанія ідзе сваім парадкам. Этап цэнтралізаванага тэставання закончыўся, цяпер праходзяць ўнутраныя выпрабаванні на творчыя і спартыўныя спецыяльнасці. Залічэнне на бюджэт закончыцца 5 жніўня, а на платную форму навучання - 11 жніўня. Агульны план прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі складае блізу 55 тысяч чалавек, з якіх каля 29 тысяч хлопцаў і дзяўчат набяруць на бюджэтнае навучанне», - распавёў Ігар Карпенка.
Аднак аб рэальным наборы паведаміў не міністр, а кансультантка ўправы вышэйшай адукацыі галоўнай управы прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэма Герлоўская.
«У гэтым годзе практычна траціна ВНУ альбо аднавіла прыём на спецыяльнасцях, альбо адкрыла новыя. Гэта было запатрабавана ў абітурыентаў. Калі казаць пра лічбы, то больш за 26,5 тысяч прынята за кошт сродкаў бюджэту і больш за 22 тысячы - на платнай аснове. Агулам мы маем больш за 48 тысяч прынятых абітурыентаў на ўзровень вышэйшай адукацыі першай ступені», - сказала Рэма Герлоўская.
Такім чынам, агульны недабор у ВНУ, у параўнанні з планам, склаў блізу 7 тысяч студэнтаў, а недабор на бюджэтную форму навучання - амаль 2,5 тысяч.
Як раней паведамляў Thinktanks.by, за 5 гадоў дадатковы ў беларускія ВНУ вырас у 42 разы. Калі ў 2017 годзе дадатковы набор у вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі ажыццяўляўся ў дачыненні да 23 чалавек, то ў 2021 годзе вакантнымі былі 974 месцы.