Нелегальныя мігранты перайшлі беларуска-польскую мяжу і захраслі пасярод ракі
- 21.08.2021, 13:10
Іх выратавалі польскія памежнікі.
У Падляшскім ваяводстве польскія памежнікі выратавалі 12 мігрантаў, якія захраслі пасярод ракі Нараў пры незаконным пераходзе польска-беларускай мяжы. Пра гэта паведамляе памежная служба Польшчы.
Рака Нараў з вялікімі разлівамі сілкуе шырокія балоты і тарфянішчы. Уцекачы патрапілі ў балоцістую мясцовасць і не змаглі выбрацца самастойна, ім давялося паведаміць пра сваё становішча, патэлефанаваўшы на нумар службы экстранай дапамогі.
У пастцы апынуліся 12 мігрантаў, у тым ліку і дзеці - малеча і два падлетка 14 і 16 гадоў. Уцекачы-іракцы, і толькі адзін з іх - грамадзянін Егіпта.
Дабрацца да мігрантаў удалося толькі на гелікаптэры, аднак ён не змог прызямліцца. Тады да ўцекачоў спусціўся адзін з памежнікаў, які надаў ім першую медыцынскую дапамогу. Астатнія супрацоўнікі памежнай службы змаглі дабрацца да астраўка з мігрантамі, перакінуўшы драбіны з берага. Двум з іх спатрэбілася дапамога лекара, аднаго мігранта давялося несці на насілках.
Нелегальных мігрантаў эвакуавалі на лодках. Двух чалавек шпіталізавалі, астатніх даставілі на памежны пост.