Медыкі высветлілі, на колькі хвілін падаўжаюць або скарачаюць жыццё розныя прадукты
- 21.08.2021, 13:51
Стала вядома, як уплывае на арганізм з'едзены хот-дог або порцыя арэхаў кеш’ю.
Навукоўцы з Мічыганскага ўніверсітэта (ЗША) стварылі адмысловы Індэкс здаровага харчавання (HENI), праз які можна палічыць колькасць «карыснай» і «шкоднай» нагрузкі на арганізм. Яны вывучылі больш за 5 800 розных прадуктаў і размеркавалі іх у адпаведнасці з нагрузкай на арганізм і ўздзеяннем на навакольнае асяроддзе, піша The Guardian (пераклад - rusjev.net).
Высветлілася, што кожны з'едзены хот-дог можа скараціць жыццё на 36 хвілін, а порцыя арэхаў кеш’ю - павялічыць на 26 хвілін. Таксама частковая замена мяса садавіной, гароднінай, арэхамі, бабовымі і морапрадуктамі можа зменшыць вугляродны след і падоўжыць жыццё прыкладна на 48 хвілін кожны дзень.
Акрамя таго, навукоўцы падзялілі прадукты на групы на аснове ўзроўню іх уплыву на навакольнае асяроддзе: вывучаліся вытворчасць прадукту, гатаванне з яго ежы, спажыванне, перапрацоўка і колькасць адкідаў. Так, у «зялёную зону» патрапілі арэхі, садавіна, вырашчаная ў палявых умовах гародніна, бабовыя, зёлкі і некаторыя віды морапрадуктаў - гэтыя прадукты карысныя для здароўя і не шкодзяць прыродзе. У «чырвонай зоне» ялавічына, крэветкі, свініна, бараніна і гародніна, выгадаваныя ў цяпліцах - яны прыносяць шкоду прыродзе і могуць нашкодзіць чалавечаму арганізму пры частым ужыванні.