За дзень латвійскія памежнікі адправілі назад у Беларусь усяго аднаго нелегальнага мігранта
- 21.08.2021, 14:51
Гібрыдныя правакацыі беларускага рэжыму выдыхаюцца.
Усяго адзін парушальнік спрабаваў незаконна перасячы беларуска-латвійскую мяжу 20 жніўня, паведамляе Дзяржаўная памежная служба Латвіі.
За дзень да гэтага з гуманітарных меркаванняў тром групам людзей (6 дарослых і 5 дзяцей) не перашкодзілі перасекчы беларуска-латвійскую мяжу.
Пасля ўвядзення надзвычайнага становішча 10 жніўня латвійскія памежнікі не пусцілі ў краіну 476 чалавек, якія незаконна перайшлі дзяржаўную мяжу. 25 мігрантаў пусцілі ў краіну з гуманітарных прычын.
Вясной 2021, нагадаем, на фоне пагаршэння стасункаў паміж Беларуссю і Літвой Вільня заявіла пра рост плыні нелегальных мігрантаў, якія ідуць праз мяжу з беларускага боку. У Літве адзначалі, што мігранты масава хлынулі праз мяжу адразу пасля інцыдэнту з самалётам Ryanair, арыштам Рамана Пратасевіча і рэакцыі на гэта заходніх краін. За ўвесь 2020 год беларуска-літоўскую мяжу перасеклі 74 нелегальныя мігранты. Калі параўноўваць з гэтым годам, то на пачатак ліпеня колькасць ужо пераваліла 1,5 тысячы, а на сёння вырасла больш чым удвая - звыш 4000 нелегальных мігрантаў.
Пасля таго як Літва стала вяртаць парушальнікаў мяжы назад у Беларусь, узрасла нагрузка на іншых участках. Уцекачы накіраваліся ў суседнюю Латвію і Польшчу.