BE RU EN

Прэзідэнт Літвы: Народ Беларусі заслужыў права абраць лідара краіны

  • 21.08.2021, 20:15

Пазіцыя ЕЗ што да Беларусі адназначная.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа возьме ўдзел у саміце Крымскай платформы 23 жніўня 2021, прымеркаваным да 30-годдзя незалежнасці Украіны. Напярэдадні візіту ва Украіну прэзідэнт Літвы даў эксклюзіўнае інтэрв'ю ўкраінскаму «Радыё Свабода», паведамляе svaboda.org.

Прэзідэнт Літвы, дарэчы, адзначыў, што санкцыі могуць змяніць паводзіны як Расеі, так і Беларусі. Са слоў Наўседы, важным пытаннем для Літвы з'яўляецца гібрыдная атака рэжыму Лукашэнкі і нелегальная міграцыя.

- Фізічная мяжа з Беларуссю - гэта прыярытэт нумар адзін у маёй краіне, і мы ўжо прынялі ўсе неабходныя папраўкі да закона, каб лібералізаваць і паскорыць працэс распрацоўкі агульнай стратэгіі. У гэтым плане мы таксама разлічваем на падтрымку Еўразвязу. Працэс запушчаны, і, спадзяюся, цягам года мы зможам ліквідаваць гэты прабел, закрыць мяжу. Гэта не значыць, што мы цяпер нічога не робім і чакаем, што калі-небудзь паміж нашымі краінамі з'явіцца мяжа. Нашы прадстаўнікі і інстытуты ўжо гатовыя рэагаваць на правакацыі і інцыдэнты на мяжы. У нас гэта добра атрымліваецца.

- Гісторыі Пратасевіча і Крысціны Ціманоўскай патрэслі ўвесь свет. Ці ўважаеце вы Лукашэнку за легітымнага?

- Адразу пасля выбараў у жніўні 2020 года мы аднымі з першых сказалі, што выбары не былі празрыстымі, што вынікі гэтых выбараў нелегітымныя. Я думаю, што цяпер гэта не толькі пазіцыя Літвы, але і пазіцыя Еўрапейскага Звязу, і гэта вельмі важна адзначаць.

Пасля выбараў мы бачылі мноства інцыдэнтаў, парушэнняў правоў чалавека, палітычных зняволенняў. Я думаю, што гэтыя прыклады дэманструюць нежаданне працаваць з заходняй супольнасцю для развязання гэтай складанай сітуацыі. Пастанова тут можа быць толькі адна: мы павінны арганізаваць новыя свабодныя выбары.

Народ Беларусі заслужыў права абраць наступнага лідара краіны, і для нас гэта галоўнае і самае важнае пытанне. Усё адно, ці будзе гэты лідар геапалітычна арыентаваны на той ці іншы рэгіён, тую ці іншую краіну. Самае галоўнае, што гэта быў свабодны выбар беларускага народа.

Апошнія навіны