Палітвязень Віктар Царыкевіч адбыў тэрмін і выйшаў на свабоду
- 22.08.2021, 20:05
39-гадовы жыхар Мастоў у жніўні мінулага года правёў шэраг крэатыўных акцый.
Палітвязень Віктар Царыкевіч адбыў тэрмін і 22 жніўня быў вызвалены, паведамляюць праваабаронцы.
39-гадовы жыхар Мастоў Віктар Царыкевіч быў затрыманы 11 лістапада 2020 года.
Паводле абвінавачання, Царыкевіч ў верасні-кастрычніку мінулага года правёў серыю акцый, якія, на думку пракуратуры, «адрозніваліся сваім зместам выключным цынізмам»:
нанёс бел-чырвона-белыя лініі на дарозе паблізу вёсак Савінкоў, Заполле і аграгарадка Дубна Мастоўскага раёна;
«Павесіў пудзілы ў міліцэйскай форме і зрабіў надпісы» пад навесамі прыпынкаў «Мікелеўшчына», «Дубна» і «Чарлёна»;
ў лесе паміж горадам Масты і аграгарадком Масты Правыя намаляваў на 33 дрэвах БЧБ-сцягі, у поле расставіў таблічкі ў выглядзе рытуальных надмагілляў «з надпісамі, якія дэманструюць пагарду да дзяржаўнага парадку кіравання», а побач з таблічкамі паставіў труну з пудзілам у форме супрацоўніка міліцыі.
Пастановай суддзі Віталя Сінілы Царыкевич быў прысуджаны да аднаго году пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. У сакавіку 2021 года быў прызнаны палітвязнем.