Беларус зняў фільм пра Афганістан
- 22.08.2021, 20:50
Ён застаў Кабул незадоўга да прыбыцця талібаў.
Гэты выпуск «Хачу дадому» YouTube-блогер з Беларусі Лёня Пашкоўскі зняў у сярэдзіне ліпеня. Ужо тады было ясна, што талібы наступаюць і хутка падыдуць да Кабулу. 15 жніўня "«Талібан» абвясціў, што цалкам кантралюе Афганістан. Тэрарыстычная арганізацыя захапіла краіну ў лічаныя тыдні - пасля таго як ЗША вывелі свае войскі. Пасля змены ўлады дзясяткі тысяч афганцаў і замежнікаў усялякімі спосабамі спрабуюць пакінуць краіну, не ўяўляючы свайго жыцця з талібамі, піша nashaniva.com.
У Афганістане пражывае амаль 40 нацыянальнасцяў, найбуйнейшая з іх - пуштуны, блізу 40%. Большасць з іх жывуць на поўдні. Іншыя буйныя з іх - хазарэйцы, таджыкі і ўзбекі.
«Кабул называюць адным з самых небяспечных гарадоў свету, бо тут адбываецца вялікая колькасць тэрарыстычных нападаў. У 2019 годзе іх было больш за 1 700, значыць больш за 4 на дзень у краіне, - кажа Лёня. - Цэнтр Кабула - гэта проста горад-цытадэль. Гэта велізарная колькасць вайсковых блок-пастоў. Усюды людзі з аўтаматамі, усюды калючы дрот, вялізныя бетонныя ўмацаванні вышынёй 5-6 метраў. Цэнтр горада больш за ўсё пакутуе ад тэрарыстычных нападаў, таму што тут усе амбасады, дзяржаўныя ўстановы, універсітэты, шпіталі і гэтак далей. На ўскраінах нічога такога няма, акрамя пастаянных патрулёў паліцыі і вайскоўцаў».
«Напады і выбухі ў горадзе адбываюцца з 6-й раніцы да 9-10 раніцы. Таму ў гэты час лепш сядзець дома і не выходзіць на двор», - раіць мясцовы кіроўца.