Кіраўнік МЗС Нямеччыны прэзентаваў план што да Афганістана
- 23.08.2021, 20:40
План складаецца з пяці пунктаў.
Міністр замежных спраў Нямеччыны Хайка Мас (Heiko Maas) прэзентаваў план пераадолення крызісу ў Афганістане, які складаецца з пяці пунктаў. Дакумент быў абвешчаны кіраўніком МЗС у панядзелак, 23 жніўня, на прэс-канферэнцыі ў Бэрліне, піша «Немецкая волна».
Першым пунктам значыцца неабходнасць правесці перамовы з Турцыяй, ЗША і самімі талібамі ў пытанні аб магчымасці выкарыстання кабульскага аэрапорта для эвакуацыі грамадзянскага насельніцтва і пасля 31 жніўня.
Другім - неабходнасць дамовіцца з суседнімі з Афганістанам краінамі аб прыняцці імі ўцекачоў, якія пакінулі краіну наземным шляхам.
«Пра гэта я ўжо пагаварыў з калегамі з Узбекістана, Пакістана, Таджыкістана і Індыі», - заявіў Мас. Нямеччына вылучае 100 млн еўраў тэрміновай фінансавай дапамогі міжнародным арганізацыям, якія будуць дапамагаць афганскім уцекачам у суседніх краінах.
Наступны, трэці, пункт плана прадугледжвае, што пасольства ФРГ у суседніх з Аўганістанам краінах хутка і без бюракратычных затрымак будуць выдаваць візы замежнікам, у якіх ёсць падставы на адпраўку ў Нямеччыну.
Па-чацвёртае, для забеспячэння бесперабойнай працы дыпламатычных устаноў ФРГ у гэтых краінах колькасць іх персаналу варта павялічыць.
Пяты пункт прадугледжвае вылучэнне яшчэ 10 млн еўраў на падтрымку тых афганцаў, чыё жыццё знаходзіцца пад пагрозай.
Хайка Мас сказаў, што становішча ў кабульскім аэрапорце застаецца небяспечным і хаатычным. Эвакуацыя з яго будзе працягвацца столькі, колькі магчыма. Адначасова праводзяцца падрыхтоўчыя мерапрыемствы на выпадак аказання дапамогі тым, хто не змог эвакуіравацца.