BE RU EN

Першакурснікі БДУІР гадзінамі стаяць у чэргах на засяленне ў інтэрнат

  • 26.08.2021, 20:38

У ВНУ патлумачылі, чаму так.

Другі дзень, расказваюць першакурснікі БДУІР, падчас засялення ў інтэрнат № 4, які знаходзіцца ў студэнцкай вёсцы, ім гадзінамі даводзіцца стаяць у чэргах, піша zerkalo.io. «Засяляцца я сёння прыехала ў 8.55, цяпер 17.20 – і я ўсё яшчэ стаю. Чакаю, каб патрапіць да загадчыцы – у апошні, пяты кабінет», – кажа Марына (на просьбу дзяўчыны імя змененае).

Яшчэ ў ліпені, расказваюць першакурснікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, яны даведаліся, што ўсім новаспечаным студэнтам, якім трэба жыллё, ВНУ прапануе месца ў інтэрнаце. Няважна, платнік ты ці бюджэтнік. І гэта выдатная навіна. Домам для большасці моладзі быў вызначаны інтэрнат № 4. Засяляюцца сюды паводле графіка. Напрыклад, 25–26 жніўня тут чакаюць тых, хто паступіў на факультэт інфармацыйных тэхналогій і кіравання, а таксама студэнтаў факультэта камп'ютарнага праектавання. 26–27 жніўня адведзеныя для факультэта радыётэхнікі і электронікі і факультэта інфакамунікацый. І так распісана да канца месяца.

Марына – студэнтка факультэта інфакамунікацый. Паводле правілаў, яна можа засяліцца ў чацвер ці ў пятніцу. У пятніцу, кажа, прыехаць не атрымліваецца, таму дзяўчына абрала чацвер.

– У студэнцкай вёсцы я была ў 8.55. І, хоць засяленне з 9-й, у чарзе ў першы кабінет ужо знаходзілася пару дзясяткаў чалавек, – апісвае тое, што адбываецца суразмоўца. – Каб трапіць да пашпартысткі, я, напрыклад, чакала гадзінаў пяць. Нават абедаць нікуды не адыходзіла, родныя прынеслі мне кавы.

Пра тое, што ў яе будзе месца ў інтэрнаце, Марына даведалася з паведамлення ў асабістым кабінеце. А пра тое, калі ехаць засяляцца, з чату групы. Аб'яву туды скінула куратарка.

– Спісаў прозвішчаў, хто і калі павінен заязджаць, не было. Толькі факультэты, – кажа дзяўчына. – Людзі, напэўна, баяцца застацца без месца, таму і рванулі ў першыя дні. Праз вялікую колькасць студэнтаў і іхніх бацькоў, ля кабінетаў перыядычна ўзнікае блытаніна. У мітусні некаторыя пры запаўненні бланкаў робяць памылкі, потым перапісваюць – гэта таксама займае час. Але супрацоўнікі і валанцёры папрасілі нас не перажываць. Сказалі, яны будуць працаваць да апошняга чалавека, таму заселяць усіх.

Такое відэа, як растлумачылі першакурснікі, сёння з'явілася ў адным са студэнцкіх чатаў. Гэта, кажуць, 26 жніўня:

Яўгенія (гераіня папрасіла не пісаць яе сапраўднае імя) сёння справілася з дакументамі за дзве гадзіны.

– Гэта таму, што засяляцца я пачала ў сераду. Стала ў чаргу а 10-й раніцы, – расказвае яна пра падзеі 25 жніўня і кажа, што недзе блізу 18-й дабралася да пашпартысткі. – Потым у мяне былі справы, і мне давялося вярнуцца ў родны горад, але хлопцы яшчэ заставаліся стаяць.

Болей за ўсё крыўдна, прадаўжае дзяўчына, было поўнагадовым першакурснікам.

– У аб'яве, якую куратарка скінула ў чат групы, было напісана, што ўсіх першакурснікаў чакаюць у інтэрнаце № 4, – прадаўжае Яўгенія. – У чарзе на ордар перада мной апынуўся хлопец, якому ўжо ёсць 18. Мы стаялі недзе з 10-й да 13-й, і вось, калі ён падышоў да спецыяліста, яму паведамілі: поўнагадовым трэба ехаць у інтэрнат № 1. Як патлумачылі яму ў адміністрацыі, ахвотнікаў жыць у "чацвёрцы" было так шмат, што поўнагадовых першакурснікаў пастанавілі засяляць у іншае месца.

У прэс-службе БДУІР растлумачылі, чаму ўзнікла такая сітуацыя:

– 23 жніўня на афіцыйным сайце ўніверсітэта апублікаваны графік засялення студэнтаў у інтэрнаты. Згодна з ім, каб не стваралася чэргаў, розныя факультэты павінны былі засяляцца ў інтэрнаты ў розныя дні. Аднак многія студэнты надумалі прыехаць у першы ж дзень. Таму ўзнікла чарга, якая да 13 гадзінаў 26 жніўня значна паменшылася. Да канца дня ўсіх, хто прыехаў сёння засяляцца, месцамі забяспечылі.

– Адна з першакурсніцаў расказвае, што ўчора сыходзіла з чаргі недзе блізу 18-й, а хлопцы там яшчэ заставаліся. Іх засялілі?

– Хлопцы-валанцёры, якія ўчора выдавалі ордары на пакоі, да 18-й ужо вызваліліся. Гэта значыць, што да 18-й усе ахвотныя ў гэты дзень засяліцца, засяліліся, – растлумачылі ў прэс-службе.

Апошнія навіны