Літоўскія фермеры сабралі больш збожжавых, чым лукашысцкія калгасы
- 26.08.2021, 22:00
Ураджайнасць ва Украіне і Літве нашмат вышэйшая, чым у Беларусі.
Украіна сабрала рэкордны ўраджай пшаніцы (32 мільёны тонаў) і ячменю (больш за 10 мільёнаў тонаў). Рэкорд быў дасягнуты за кошт росту прадукцыйнасці працы, якая павялічылася на 18 адсоткаў у параўнанні з мінулым годам. Пра гэта паведамляе Міністэрства эканомікі Украіны.
Сярэдняя ўраджайнасць пшаніцы ва Украіне склала 46,2 ц/га, ячменю – 41 ц/га.
Прагназуецца, што сёлета Украіна збярэ 80–82 мільёны тонаў збожжа, што таксама стане рэкордам у гісторыі краіны. Да гэтага часу максімум быў у 2019 годзе, калі ўраджай склаў 75 мільёнаў тонаў.
У апошнія гады Украіна стала другой у велічыні экспарцёркай збожжа ў свеце пасля ЗША, піша «Наша Ніва».
У Літве рэкордна высокі ўраджай збожжавых і алейнага рапсу. Прагназуецца, што ўраджай збожжавых складзе 6,93 мільёна тонаў, што на 0,1% больш, чым летась, а ўраджай рапсу павялічыцца на 7,7% да 1,04 мільёна тонаў.
У Літве пасеяна больш за ўсё пшаніцы, ураджайнасць якой павінна складаць 56 цэнтнераў з гектара. (Летась ураджайнасць склала 54 ц/га.) Ураджай рапсу таксама павінен быць вышэйшы за кошт ураджайнасці 37 ц/га (у Беларусі – 21,3 ц/га, ва Украіне – 27,5 ц/га).
Паводле звестак Мінсельгасхарча, у Беларусі сабрана 6,3 млн тонаў збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 30,5 ц/га (у 2020 годзе – 37,3 ц/га).
Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання тлумачыць падзенне ўраджайнасці зацяжной халоднай вясной і рэкордна высокімі тэмпературамі летам.
Цікава параўнаць ураджайнасць з сярэдняй ураджайнасцю збожжавых у суседніх рэгіёнах.
Берасцейская вобласць 34,8 ц/га
Валынская вобласць Украіны 48,8 ц/га
Ровенская вобласць Украіны 47,9 ц/га
Гомельская вобласць 23 цэнтнеры з гектара
Жытомірская вобласць Украіны 50,2 ц/га
Кіеўская вобласць Украіны 48,9 ц/га
Чарнігаўская вобласць Украіны 52,1 кг/га
Гарадзенская вобласць 36,1 ц/га
Літва 48,7 цэнтнераў на гектар