Іншаземец прыехаў з Беларусі ў Літву на ровары з гераінам у валізцы
- 28.08.2021, 21:05
Ён здзівіў мытнікаў, што бачылі шмат чаго.
26 жніўня ў Літве перад судом стаў грамадзянін Нямеччыны, які летась здзівіў і мытнікаў, якія бачылі шмат чаго. Мужчына прыехаў у Медзінінкай з Беларусі на ровары, ён вёз за сабой валізку на колцах. У валізцы мытнікі выявілі 0,5 кг гераіну. Іншаземец запэўнівае, што ён не ведаў, што вязе кантрабанду, піша delfi.lt.
55-гадовага Крысціяна Зеля вінавацяць у перавозцы і распаўсюдзе вялікай колькасці наркотыкаў. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 15 гадоў. Зель нарадзіўся ў Таджыкістане і з'ехаў у Нямеччыну яшчэ ў маладосці, ён з'яўляецца грамадзянінам Нямеччыны. Акрамя таго, у яго ёсць дазвол на знаходжанне ў Беларусі, бо там у яго жывуць сваякі.
У судзе ён сказаў, што жыве ў Нямеччыне 30 гадоў. «Па спецыяльнасці я зваршчык, а працую аўтамеханікам у аўтасэрвісе», - сказаў абвінавачаны.
Зель раней не быў судзімы. Ён разведзены. Дзеці ад першага шлюбу ўжо дарослыя. «У мяне ёсць пазашлюбны сын, яму 7 гадоў», - дадаў ён (мужчына ў судзе гаварыў па-расейску).
Літоўскія мытнікі затрымалі яго 22 кастрычніка 2020 года.
Ён прыцягнуў увагу мытнікаў тым, што ехаў на ровары і цягнуў за сабой валізку на колцах. Пад падшэўкай у чамадане мытнікі знайшлі два пакеты, у якіх у агульнай складанасці было 0,5 кг гераіну. Зель увесь гэты час знаходзіўся пад арыштам, яго не адпускалі пад заклад, нягледзячы на неаднаразовыя просьбы.
26 жніўня Зель сваю віну не прызнаў, але даць паказанні пагадзіўся толькі пасля апытання ўсіх сведак.
Mужчына падчас следства распавёў, што ездзіў у Беларусь прадаваць сваю кватэру. Ён сказаў, што для таго, каб уехаць у краіну на машыне, ён павінен быў унесці заклад сумаю 10 000 еўраў.
Зель вырашыў не плаціць такія грошы і паехаў на ровары - пешшу нельга пераходзіць мяжу. Ён пакінуў машыну недалёка ад мяжы, паехаў у Беларусь на ровары, зрабіў усё неабходнае і паехаў назад у Літву, а адсюль ён планаваў вярнуцца дадому ў Нямеччыну.
Зель сказаў, што ля мяжы ён сустрэў незнаёмага мужчыну. Той сказаў, што яго не пускаюць у Літву і папрасіў Зеля перавезці праз мяжу яго валізку. Зель нібыта праверыў чамадан, не знайшоў у ім нічога падазронага і пагадзіўся аказаць мужчыну паслугу.
Потым ужо мытнікі дасталі наркотыкі, якія былі схаваныя пад падшэўкай. Суд высветліць, ці ёсць праўда ў версіі абвінавачанага.