Сярод замежнікаў, якія працуюць у Польшчы, найбольш беларусаў і ўкраінцаў
- 10.01.2022, 21:14
Самая шматлікая група грамадзян Беларусі пражывае ў Мазавецкім ваяводстве.
У апошнія гады дынамічна расце колькасць замежнікаў, якія легальна працуюць у Польшчы. У канцы 2021 года ва Упраўленні сацстрахавання Польшчы было зарэгістравана амаль 872 000 замежнікаў прыкладна з 160 краін. На працягу многіх гадоў самую вялікую групу складаюць грамадзяне Украіны (635000 застрахаваных), паведамляе «Радио Польша».
Планамерна расце і колькасць беларускіх грамадзян, якія легальна працуюць у Польшчы. Аналіз звестак УСС паказвае, што з 2008 года колькасць беларусаў, якія знаходзяцца на ўліку, павялічылася больш як у 16 разоў. На канец 2020 года самая шматлікая група грамадзян Беларусі жыла ў Мазавецкім (19,8%) і Падляскім ваяводстве (8,9%).
Паводле апошніх звестак, на канец 2021 года ўнёскі ва УСС плацілі 67,7 тысяч беларусаў, якія з'яўляюцца другой па велічыні, пасля ўкраінцаў, групай замежнікаў, якія працуюць у Польшчы.
На канец 2020 года колькасць беларусаў зарэгістраваных ва УСС перавысіла 50 тысяч чалавек.