BE RU EN

Пяскоў: Расейскія войскі застануцца ля межаў Украіны

  • 16.01.2022, 21:16

Прэс-сакратар Пуціна заявіў, што РФ гатова прыняць нейкія «контрмеры» ў выпадку пашырэння NАТО.

Расейскія войскі, размешчаныя па перыметры межаў з Украінай, канцэнтрацыя якіх выклікала на Захадзе асцярогі хуткага пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў гэтую краіну, не будуць адведзеныя ад мяжы. Пра гэта заявіў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў у інтэрв'ю, якое выйшла ў эфіры праграмы Фарыда Закарыі на амерыканскім тэлеканале CNN (пераклад - svoboda.org).

Як заявіў Пяскоў, войскі знаходзяцца на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі і застануцца на сваіх месцах праз «напружанай сітуацыі», якая ўзнікла на мяжы і «непрыязнай атмасферы».

Пры гэтым Пяскоў заявіў, што на тэрыторыі Украіны, сярод іншага на Данбасе, расейскіх войскаў няма. Ён таксама сказаў, што Расея не рыхтуе вайсковага ўварвання - «было б вар'яцтвам рабіць гэта» - але гатова прыняць нейкія «контрмеры» ў выпадку пашырэння NАТО.

Раней ЗША абвясцілі, што маюць інфармацыю, якая паказвае на падрыхтоўку Расеяй правакацый з выкарыстаннем спецыяльна навучаных аператыўнікаў, каб стварыць падставу для поўнамаштабнага ўварвання на тэрыторыю Украіны. Украіна, у сваю чаргу, абвінаваціла Расею ў датычнасці да маштабных кібератакаў. Пяскоў адпрэчыў абодва абвінавачанні, заявіўшы, што гэта дэзінфармацыя.

Прэс-сакратар Крамля таксама закрануў тэму магчымых санкцый ЗША супраць прэзідэнта Пуціна. Паводле слоў Пяскова, такія меры могуць прывесці да поўнага разрыву стасункаў. Ён таксама заявіў, што Расея «самадастатковая» і не адчувае сябе ўразлівай праз санкцыі. Сярод прапанаваных у выпадку абвастрэння сітуацыі на Украіне мер – напрыклад, забарона на пастаўкі ў Расею электронікі, у тым ліку смартфонаў і бытавую тэхніку.

Пяскоў таксама закрануў тэму перамоў аб так званых гарантыях бяспекі, якія прайшлі паміж Расеяй і краінамі NАТО на гэтым тыдні. «Паміж намі ёсць пэўнае разуменне. Але агулам, у прынцыпе, мы можам цяпер сказаць, што мы застаёмся на розных трэках, зусім розных трэках. І гэта нядобра, гэта выклікае трывогу», - сказаў ён.

Апошнія навіны