У Горадні за ўдзел у пратэстах судзяць дачку вядомага сталініста і лукашыста
- 6.01.2022, 21:18
Таксама паводле палітычнай справы праходзіць яго зяць.
Алену Ягорычаву і Ігара Пазнякова абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і арт. 364 КК РБ («Гвалт або пагроза прымянення насілля ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»), паведамляе «Белсат».
Алена - дачка сумна вядомага ў Горадні гісторыка, выкладчыка ГрДУ Уладзіміра Ягорычава, у якога ёсць красамоўная мянушка «сталініст». Ён працуе выкладчыкам ва ўніверсітэце з 1974 года, вядомы як заўзяты прыхільнік савецкага мінулага ва ўсіх без выключэння праявах, а таксама як прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі.
Для Ягорычава гісторыя Беларусі і Расеі - адзіная, «айчынная». Паслядоўна ў сваіх працах і выступах ён негатыўна адгукаўся пра «дэмакратаў» і «нацыяналістаў».
У 2014 годзе Ягорычаў разам з калегам ва ўніверсітэце Вадзімам Хілютай праводзіў экспэртызу «на экстрэмізм» кнігі праваабаронцы Алеся Бяляцкага «Асвечаныя Беларушчынай». Тады ў выснове яны адзначылі, што кніга Бяляцкага можа нанесці шкоду Рэспубліцы Беларусь або краінам-сябрам Мытнага саюза.
Для таго, каб даць ужо пенсіянеру Ягорычаву месца ва ўніверсітэце, з ГрДУ звольнілі вядомага гарадзенскага гісторыка, кандыдата гістарычных навук Іну Соркіну. Ён заняў яе месца на факультэце гісторыі, турызму і камунікацыі.
Кожны год Ягорычаў разам з іншымі нешматлікімі камуністамі прыходзіць ускласці кветкі да помніка Леніну на дзень яго нараджэння. На адным з такіх мерапрыемстваў ён заявіў, што не выключае, што каранавірус быў «створаны штучна амерыканцамі, а распаўсюдзіўся праз уцечку з лабараторыі».