Ва ўсім Ліване адключылася электрычнасць
- 8.01.2022, 21:19
Адключэнне звязана з канфліктам вакол станцыі ў вёсцы пад Бейрутам.
Увесь Ліван застаўся ў суботу без электрычнасці, паведамляе тэлеканал al-Jadeed (пераклад - ria.ru).
«Кампанія «Электрычнасць Лівана» адключыла падачу электраэнэргіі на ўсёй тэрыторыі Лівана», - паведамляе канал.
Паводле яго звестак, адключэнне звязана з канфліктам вакол станцыі ў вёсцы Арамун пад Бейрутам, жыхары якой паспрабавалі ўварвацца на станцыю, пратэстуючы ў сувязі са сталымі адключэннямі электрычнасці. У выніку са строю выйшла ўся электрасетка.
Са слоў відавочцаў, электрычнасць часова адключылі і ў міжнародным аэрапорце Бейрута.
Ліван на фоне фінансава-эканамічнага крызісу больш за шэсць месяцаў не ў стане забяспечыць палівам электрастанцыі, у сувязі з чым практычна ўся краіна застаецца без электразабеспячэння да 20-22 гадзін за дзень. Сітуацыя, якая склалася, адбіваецца негатыўна на працы дзяржустаноў, бальніц і заводаў, што правакуе рост сацыяльнай напружанасці.