BE RU EN

Die Welt: Пуцін сам даказаў, што «расейскі свет» немагчымы

  • 9.10.2022, 19:54

Нямецкі гісторык патлумачыў сувязь паміж расейскай «дэўкраінізацыяй» і нацысцкім тэрмінам umvolkung.

Да гэтага мерквалася, што Расея аднастайная, сонная, апатычная і фактычна не адчувае на сабе ўплыў вайны, якую Уладзімір Пуцін развязаў супраць Украіны. Але зараз, пасля абвяшчэння мабілізацыі, раптам з'явіўся рух уцёкаў, які нельга назваць бяспечнымі.

Пра гэта ў інтэрв'ю Die Welt сказаў нямецкі гісторык Карл Шлегель, які спецыялізуецца на Усходняй Еўропе і нядаўна апублікаваў даследаванне, прысвечанае расейскаму ўварванню ва Украіну. Ягоны артыкул падае «Люстэрка тыдня. Украіна».

Ён адзначае, што мужчыны, якія ўцякаюць з Расеі ад мабілізацыі, напраўду не адныя. За імі таксама стаяць іх сем'і і тысячы іншых людзей, з якімі яны звязаны ў грамадстве. А яшчэ многія штодзень тэлефануюць у Расею. І гэта ўзмацняе адчуванне ў расейцаў, што вайна ўплывае на іх наўпрост, - упэўнены нямецкі гісторык. Ён прызнае, што дастаткова доўга яна была для многіх жыхароў Расеі чымсьці абстрактным. Цяпер яна бліжэй, гэта сур'ёзная праблема для іх.

Шлегель адзначае, што ў Расеі няма масавых пратэстаў супраць мабілізацыі і вайны. Аднак назіраецца пэўная эрозія. І гэта вельмі важны працэс, які мае гістарычных папярэднікаў. Шлегель нагадвае аб мабілізацыі падчас расейска-японскай вайны ў 1904 годзе. Тады дзясяткі тысяч фермераў, якія ні пра што не здагадваліся, за адзін дзень сабралі і кінулі на фронт. Або можна ўспомніць канец Першай сусветнай вайны. Многіх мужчын у Расейскай імперыі спехам мабілізавалі, але яны пачалі масава дэзертыраваць і пераходзіць на бок бальшавікоў.

Нямецкі гісторык паказвае на супраціў, які зараз назіраецца ў аддаленых рэгіёнах Расеі, заселеных не расейцамі, а іншымі народамі.

«Гэты супраціў груп з аддаленых нерасейскіх частак грамадства таксама ставіць пад пытанне пуцінскую імперскую ідэю «расейскага свету». Цяпер відавочна, што ідэя атаясамлівання расейскамоўнасці са шматнацыянальнай Расейскай імперыяй не спрацуе», – сказаў гісторык.

Ён адзначыў, што Расея ўсё яшчэ шматнацыянальная краіна з вялікімі дэмаграфічнымі праблемамі. І дэпартацыя мільёнаў украінцаў з акупаваных частак Украіны на расейскую тэрыторыю - гэта мэтанакіраваная дэмаграфічная палітыка.

«Гэта umvolkung, калі размаўляць на мове Трэцяга рэйха. У Расеі гэта называецца «дэўкраінізацыя». Яе мэта - палепшыць катастрафічную дэмаграфічную сітуацыю ў РФ», - растлумачыў Шлегель, нагадаўшы аб тэрміне нямецкіх нацыстаў, які азначаў асіміляцыю немцаў сярод іншых народаў.

Нямецкі гісторык перакананы, што наступствы прымусовай мабілізацыі ў Расеі будуць цяжкія. Таму што яны падрываюць уяўленне пра аднастайную і кантраляваную прастору, у якой дамінуе цэнтральны прапагандысцкі апарат і сілавыя структуры. Дэмаграфічныя наступствы эміграцыі мільёнаў расейцаў за апошнія гады і новая хваля ўцёкаў сотняў тысяч мужчын ад мабілізацыі будуць катастрафічнымі.

«Пуцін ніколі не быў тым, хто нёс стабільнасць. Ён здушыў грамадства і публічны дыскурс, ён фактычна сам дэстабілізаваў сітуацыю», - сказаў Шлегель.

Апошнія навіны