BE RU EN

У гарадах па ўсёй Расеі таемна рыхтуюць бамбасховішчы

  • 10.11.2022, 21:18

Федэральны загад.

Расейскія ўлады праводзяць маштабную непублічную кампанію ў праверцы і падрыхтоўцы да выкарыстання бамбасховішчаў у гарадах па ўсёй краіне, паведамляе Bloomberg са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.

Паводле іхніх словаў, у працы «ў ціхую» ўдзельнічаюць дзяржслужбоўцы, якім даручана праверыць скляпы ды іншыя абароненыя збудаванні, якія стаялі без справы больш за тры дзесяцігоддзі.

Мэта мерапрыемстваў – пераканацца, што аб'екты грамадзянскай абароны гатовыя на выпадак шырокага канфлікту, гавораць крыніцы Bloomberg. Кампанія, паводле іхніх словаў, не звязаная з якімі-небудзь канкрэтнымі пагрозамі або планамі, хоць і праводзіцца без інфармавання публікі.

«Гэта падобна на федэральны загад», – кажа Міхаіл Вінаградаў, аналітык Фонду «Пецярбургская палітыка». Зрэшты, дапускае ён, магчымае і іншае тлумачэнне: структуры, адказныя за бамбасховішчы, імкнуцца паказаць сваю патрэбнасць і дэманструюць дзейнасць.

Толькі ў некалькіх рэгіёнах, якія мяжуюць з Украінай і трапляюць пад рэгулярныя абстрэлы, улады прызналі працу ў падрыхтоўцы бамбасховішчаў. У красавіку сакратар Рады бяспекі Мікалай Патрушаў даручыў правесці рэвізію аб'ектаў грамадзянскай абароны і сістэмаў апавяшчэння на поўдні краіны. Ён таксама запатрабаваў, каб самі збудаванні, часта прададзеныя або здадзеныя ў арэнду, былі вернутыя ў федэральную ўласнасць.

І хоць загад Патрушава тычыўся толькі паўднёвых суб'ектаў, цяпер сховішчы правяраюцца па ўсёй краіне, кажуць крыніцы Bloomberg. Як правіла, яны знаходзяцца ў скляпах жылых будынкаў, школаў і дзяржаўных установаў, пабудаваных у савецкі час.

Нягледзячы на тое, што праца праводзіцца ў таямніцы, чуткі праніклі ў сацсеткі. У кастрычніку Міністэрству аховы здароўя давялося аспрэчваць паведамленні, што ў бамбасховішчах пры маскоўскіх лякарнях будуць арганізоўваць аперацыйныя.

Паводле звестак «Спектра», Міністэрства аховы здароўя запатрабавала ад усіх падведамных лякарняў падрыхтаваць сховішчы да 2 лістапада, а закрыты загад быў спушчаны 20 кастрычніка – на наступны дзень пасля таго, як прэзідэнт Уладзімір Пуцін падпісаў указы аб ваенным становішчы ў акупаваных абласцях Украіны і асаблівых рэжымах у Расеі.

Бамбасховішчы, якія здаваліся атавізмам савецкага мінулага, ужо сталі чыннікам для рынку нерухомасці, расказала Bloomberg адна з маскоўскіх рыелтарак. Паводле ейных словаў, некаторыя кліенты сталі цікавіцца, ці ёсць прытулак у доме і цяпер уважаюць іх за каштоўны дадатак да кватэры.

Апошнія навіны