ЗША абвясцілі пра новы пакет дапамогі Украіне
- 10.11.2022, 21:51
Яшчэ больш СПА.
У чацвер, 10 лістапада, ЗША абвясцілі пра вылучэнні новага пакета ваеннай дапамогі для Украіны. Узброеным сілам Украіны будуць перададзеныя дадатковыя ракеты для сістэмаў супрацьпаветранай абароны.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на заяву дарадцы прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джэйка Салівана.
На патрэбы Узброеных сілаў Украіны будуць перададзеныя ракеты для сістэмаў СПА Hawk, а таксама чатыры сістэмы СПА Avenger. Яны забяспечаныя ракетамі Stinger.
«Сёння Злучаныя Штаты абвесцяць пра іншы пакет дапамогі Украіне ў галіне бяспекі, уключаючы важны ўнёсак у сістэму супрацьпаветранай абароны», – сказаў Саліван.
Паводле ягоных словаў, гэтае абсталяванне дапоўніць іншыя ўнёскі супрацьпаветранай абароны, абвешчаныя хаўруснікамі і партнёрамі ЗША.
«Узмоцненая супрацьпаветраная абарона будзе крытычна важная для Украіны, паколькі Расея прадаўжае выкарыстоўваць крылатыя ракеты і беспілотнікі іранскай вытворчасці для нападу на крытычна важную цывільную інфраструктуру», – дадаў дарадца прэзідэнта ЗША.