BE RU EN

Беларус хоча, каб замежныя актывы «Беларуськалія» пайшлі на кампенсацыю ахвярам лукашысцкіх рэпрэсій

  • 21.11.2022, 21:37

«Беларуськалій» знаходзіцца ў спісе падсанкцыйных кампаній.

У верасні стала вядома, што асноўны ўласнік кампаніі Biriu kroviniu terminalas, якая кіруе тэрміналам насыпных цяжараў у порце Клайпеды, Ігар Удавіцкі хоча выкупіць пакет акцый, які належыць "Беларуськалію". Аднак беларускі актывіст напісаў літоўскаму прэм'ер-міністру, што ўгода з падсанкцыйнымі актывамі незаконная. Актывіст хоча, каб беларускія актывы не прадавалі. А калі ўсё ж прадаваць, то каб сродкі пайшлі на кампенсацыі рэпрэсаваным, піша «Наша Нiва».

На працягу гадоў прадукцыя "Беларуськалія" пастаўлялася на замежныя рынкі праз порт Клайпеды. Беларускі вытворца паводле дамоўленасці валодаў 30% акцый Biriu kroviniu terminalas (BKT). Ён выкупіў іх у 2013 годзе за 30 млн даляраў. Аднак «Беларуськалій» патрапіў пад санкцыі і з лютага гэтага года спыніў пастаўляць угнаенні праз тэрмінал.

Ігар Удавіцкі звяртаўся ў Раду канкурэнцыі Літвы, каб атрымаць дазвол на ўгоду. Цяпер яму наўпрост і ўскосна належаць 70% кампаніі. У выніку бізнэсовец можа стаць аднаасобным уладальнікам тэрміналу.

Пасля таго, як аб сітуацыі стала вядома, у кабінет прэм'ер-міністра Літвы паступіў зварот ад беларуса Віталя Алейніка. З адказу на яго вынікае, што ўгода Удавіцкага з "Беларуськаліем" пад пытаннем.

«Я і мае суграмадзяне былі шчыра здзіўленыя, калі даведаліся пра намер аднаго з літоўскіх бізнэсоўцаў структураваць угоду аб набыцці акцый групы «Беларуськалій». Як толькі ўгода была пакладзеная на стол Рады канкурэнцыі Літвы, я неадкладна прасіў гэты аддзел накласці вэта на ўгоду, нават не разбіраючыся ў сутнасці яе ўздзеяння на канкурэнцыю ў гэтым сэктары літоўскай эканомікі. На жаль, Рада канкурэнцыі Літвы дала свой водгук, што будзе не здатная накласці вэта на угоду, бо пытанне не ўваходзіць у сфэру іхняй кампетэнцыі», - адзначаў беларус у сваім звароце.

«Наша мэта - перадаць гэтыя актывы і рэсурсы людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій у Беларусі, у тым ліку і рэпрэсаваным работнікам «Беларуськалія», - кажа Віталь Алейнік.

Але ці можа быць канкрэтны механізм для такога выкарыстання актываў?

«Яшчэ на пачатку года я падаў хадайніцтва ў Генеральную пракуратуру Літвы, каб на беларускія актывы былі (прынамсі, у межах юрысдыкцыі Літвы) накладзеныя абмежаванні ў плане немагчымасці перадачы правоў уласнасці на іх і гэтак далей, - кажа Віталь Алейнік. - Пракурор афіцыйна мне адказаў, што гэтае хадайніцтва далучанае да матэрыялаў крымінальнай справы, распачатай у Літве паводле фактаў злачынстваў рэжыму супраць грамадзян Беларусі, паводле прынцыпаў універсальнай юрысдыкцыі. Санкцыі - гэта палітычны інструмент: сёння ўвялі, заўтра скасавалі», - заўважае Віталь.

А вось юрыдычны працэс так проста палітыкай не спыніш: таму менавіта ў межах юрыдычнага працэсу актывісты могуць «перацягнуць» нават санкцыйныя актывы ў рэчышча Крымінальнага кодэкса і надалей разбірацца, як фактычна рэалізоўваць вырак суда, тлумачыць актывіст.

Ён падае прыклад: днямі Янулявічус з Канфедэрацыі прамыслоўцаў Літвы заявіў, што яны могуць выкарыстоўваць санкцыйныя актывы для «кампенсацыі страт інвестараў і фізічных асоб», калі Лукашэнка нацыяналізуе іхні бізнэс у Беларусі.

«Значыць, такія актывы выкарыстоўваць можна. Але я перакананы, што найперш гэта трэба выкарыстоўваць на карысць пацярпелых беларусаў, а не нейкіх інвестараў, якія гадамі круціліся вакол дыктатуры, а цяпер схамянуліся», — зазначае Алейнік.

Актывіст мяркуе, што ў выпадку продажу беларускія актывы за мяжой маюць прыярытэтна выкарыстоўвацца для кампенсацыі страт пацярпелых, у тым ліку і супрацоўнікаў "Беларуськалія". Але ён адзначае і іншае: Беларусі выгадна супрацоўнічаць з Літвой і мець свае актывы ў Клайпедзе з пункту гледжання лагістычных выдаткаў, дыверсіфікацыі экспартных каналаў і г.д. Тое, што рэжым пачаў распрадаваць "сямейнае срэбра" ў выглядзе актываў таго ж "Беларуськалія", не адпавядае нацыянальным інтарэсам беларусаў.

"Упэўнены, што трэба ўсімі сіламі захаваць нашы актывы за мяжой у руках беларусаў датуль, калі мы зможам іх выкарыстоўваць у самой Беларусі", - падсумоўвае ён.

У адказе ад літоўскага ўрада падкрэслена, што Літва займае паслядоўную пазіцыю, згодна з якой асуджае Расею і Беларусь за іх дзеянні, і "прыкладае ўсе намаганні для максімальна моцнага дыпламатычнага, палітычнага і эканамічнага націску".

"У рамках эканамічнага націску неабходна забяспечыць безумоўнае выкананне ўсімі фізічнымі і юрыдычнымі асобамі рэжыму санкцый Еўрапейскай уніі ды мэт абмежавальных захадаў ЕЗ", — гаворыцца ў адказе.

"Беларуськалій" знаходзіцца ў спісе падсанкцыйных кампаній. У лісце адзначаецца, што сродкі і эканамічныя рэсурсы падсанкцыйных арганізацый і асоб маюць быць замарожаныя без магчымасці іх выкарыстання.

Апошнія навіны