BE RU EN

У Генеральным штабе УС РФ спрагназавалі страту 100 тысяч мабілізаваных пад лета

  • 25.11.2022, 21:45

Гэтыя страты плануюць папоўніць жаўнерамі тэрміновай службы.

Страты расейскага войска могуць скласці 100 000 мабілізаваных пад лета наступнага года, пішуць «Важные истории» са спасылкай на дзве крыніцы, блізкія да Генеральнага штаба УС РФ і ФСБ. З іхніх слоў, гэтыя страты плануюць папоўніць жаўнерамі тэрміновай службы.

Вайсковае кіраўніцтва Расеі плануе ўзімку вымеркаваць час і стабілізаваць фронт ва Украіне з дапамогай мабілізаваных, "а затым пачаць усё нанова ўвесну", расказаў блізкі да ФСБ суразмоўца выдання. Гэты план прадугледжвае вялікія страты. "Увесну наступнага года страты забітымі і параненымі [паводле аднаго з прагнозаў] могуць скласці блізу 100 тысяч", – кажа ён. Паводле ягоных слоў, іх плануюць замяніць жаўнерамі тэрміновай службы.

Іншая крыніца, блізкая да Генеральнага штаба, таксама расказала аб прагнозе, паводле якога страты ў баях ва Украіне складуць блізу 100 000 мабілізаваных. Ён пацвердзіў, што цяпер задача вайскоўцаў - ушчыльніць і замацаваць лінію фронту. Даўней людзей для другой лініі абароны не ставала, а цяпер гэтыя месцы "запаўняюць мабілізаванымі". Мінабароны РФ плануе падрыхтаваць 120 тысяч жаўнераў тэрміновай службы, якіх можна будзе адправіць ва Украіну, каб папоўніць страты сярод мабілізаваных, кажа суразмоўца выдання. Таму Пуцін не касуе ўказ аб частковай мабілізацыі, адзначае ён.

Адпраўляць жаўнераў тэрміновай службы на ўдзел у баявых дзеяннях забаронена расейскімі законамі менш чым праз чатыры месяцы пасля набору. Аднак у варунках вайны або ваеннага становішча, якое ўведзенае ў анэксаваных абласцях Украіны, гэта дазваляецца. Больш за тое, у прымежных з Украінай абласцях Расеі ўведзены "сярэдні ўзровень рэагавання", які блізкі да ваеннага становішча.

Аб магчымым адпраўленні жаўнераў тэрміновай службы на вайну ў канцы кастрычніка пісаў інстытут вывучэння вайны (ISW). Паводле іхніх звестак блізу 120 000 жаўнераў тэрміновай службы, якіх набяруць у войска з 1 лістапада да 31 снежня, могуць перакінуць на фронт ва Украіну увесну 2023 года.

Са слоў абодвух суразмоўцаў «Важные истории», нягледзячы на шэраг цяжкіх параз расейскага войска на вайне ва Украіне, Пуцін не пакінуў надзей узяць Кіеў. Для дасягнення гэтай мэты ён ахвочы ваяваць некалькі гадоў, не лічачыся са стратамі.

Апошнія навіны