Навукоўцы выявілі ў Марока ўнікальную вежу Рымскай імперыі
- 5.11.2022, 20:16
Знаходка дапаможа лепш зразумець сістэму рымскіх умацаванняў.
У месце Валюбілісе ў Марока польска-мараканская суполка археолагаў выявіла аглядную вайсковую вежу часоў Рымскай імперыі. Такія канструкцыі ўжо знаходзілі падчас раскопак у Нямеччыне, Румыніі ды Шатландыі, але ў гэтай краіне гэта адбылося ўпершыню, - піша «Фокус» са спасылкай на Nauka w Polsce.
Археолаг Мацей Чапскі з Варшаўскага ўніверсітэта адзначыў, што новая знаходка дапаможа лепш зразумець сістэму рымскіх умацаванняў, якія будаваліся на ўскраінах імперыі.
Марока стала часткай Рымскай імперыі пад 40-я гады I стагоддзя нашай эры. Аднак дагэтуль яно было ізаляванае не толькі геаграфічна, але і з навуковага пункту гледжання таксама.
Каб знайсці вежу, навукоўцы правялі аналіз спадарожнікавых здымкаў, выбраўшы месца яе размяшчэння. Падчас пошукаў знайшлі самую паўднёвую дзялянку. Свае здагадкі падмацавалі дзясяткамі праведзеных гадзін у бібліятэках Лондана і Рыміні. Аднак нішто не гарантавала поспех.
- Нам пашчасціла пачаць капаць у патрэбным месцы, бо зрушэнне пачатковага пункту на 500-600 м прывяло б да пустога месца, - заявіў Чапскі.
Ён таксама дадаў, што вежа - важкі ўклад у даследаванне сістэмы рымскіх памежных умацаванняў, асабліва ўразлівых для наездаў.
Са слоў даследніка, археолагі выявілі падмуркі ды фрагменты муроў. Іх вышыня дасягае каля 80 см. Таксама былі бачныя ўнутраныя ўсходы і фрагменты бруку. Знадворны мур не захаваўся. На месцы знайшлі асобныя фрагменты ўзбраення і рэчы рымскіх легіянераў. Сярод іх гісторыкі знайшлі дзіды і цвікі, якія змацоўвалі рымскія сандалі.
Цяпер археолагі спрабуюць высветліць перыяд, калі дзейнічала гэтая абаронная сістэма ў Марока. Пакуль мяркуюць, што яна функцыянавала паміж I і III стагоддзямі нашай эры, але ёсць гіпотэза, што яна была скарыстана за Антанінам Піем. Таксама даследчыкі адзначылі, што ведаюць пра баі ў гэтым рэгіёне. Але іх маштабы і вынікі не надта вядомыя.
Навукоўцы плануюць сабраць як мага больш звестак пра стасункі паміж рымскай адміністрацыяй і тутэйшым насельніцтвам. Найбліжэйшым часам таксама будзе апублікаваная справаздача. А налета пачнуцца раскопкі ў іншым месцы.