Стала вядома, на якія спецыяльнасці ў Беларусі можна паступіць без іспытаў
- 5.11.2022, 21:27
Абітурыентаў чакае чарговая навацыя.
Пастанова Мінадукацыі нумар 391 "Аб пераліку педагагічных спецыяльнасцяў, пры паступленні на якія залічваюцца без уступных іспытаў асобныя катэгорыі абітурыентаў" апублікаваная на Нацыянальным прававым партале, піша tochka.by.
Агулам такіх спецыяльнасцяў вызначана 23, сярод іх, напрыклад, дашкольная, філалагічная і гістарычная адукацыя, адукацыя ў галіне фізічнай культуры і музейная справа.
Хто можа паступіць без іспытаў?
На пазначаныя спецыяльнасці без уступных іспытаў залічаць:
- тых, хто мае дыпломы І-ІІІ ступені абласнога або менскага гарадскога этапу нацыянальных алімпіяд за апошні навучальны год у першай профільнай дысцыпліне для абранай спецыяльнасці.
- "залатых" і "сярэбраных" медалістаў.
- выпускнікоў профільных педагагічных класаў, якія мелі ацэнкі не ніжэйшыя за «восем» у профільных і «сем» – ва ўсіх астатніх дысцыплінах. Яны маюць прайсці гутарку ў ВНУ, а таксама адпрацаваць 5 гадоў паводле размеркаванні пасля заканчэння навучання.
Пры гэтым абітурыенту кожнай з гэтых катэгорый яшчэ патрэбная рэкамендацыя педагагічнай рады ўстановы адукацыі, якую ён скончыў.
Даўней міністр адукацыі Андрэй Іванец расказваў, што міністэрства рыхтуецца правесці так званыя ўніверсітэцкія алімпіяды, пераможцы якіх атрымаюць права залічэння без экзаменаў у рэгіянальныя ВНУ. Акрамя таго, Мінадукацыі плануе павялічваць практыку набору ў ВНУ "мэтавікоў".
Як пройдзе ўступная кампанія 2023?
У 2023 годзе абітурыентаў чакае чарговая навацыя - цэнтралізаваны экзамен (ЦЭ), які спалучаць з ужо звыклым ЦТ.
Плануецца, што адзінаццацікласнікі ў якасці выпускных экзаменаў будуць здаваць дзве дысцыпліны ў выглядзе цэнтралізаванага іспыту: расейскую мову або беларускую мову на выбар і матэматыку. Іншых іспытаў у выпускнікоў у школе не будзе. Вынікі ЦЭ будуць залічвацца пры паступленні ў ВНУ.
Такім чынам, іспыт фактычна заменіць ЦТ у мове і матэматыцы, і не трэба будзе здаваць гэтыя дысцыпліны двойчы за лета - у рамках спачатку выпускных іспытаў, а потым і ўступнай кампаніі.