Газоўкі, ватоўкі: як у менскім Чырвоным касцёле рыхтуюцца да Калядаў
- 16.12.2022, 21:36
Парафіяне дамагаюцца вяртання бажніцы.
Касцельны камітэт і вернікі парафіі святога Сымона і святой Алены ў Менску 16 снежня апублікавалі публічны ліст да ўпаўнаважанага ў справах рэлігій і нацыянальнасцяў Аляксандра Румака, піша katolik.life.
У сваім звароце яны ўзнялі пытанне закрытага Чырвонага касцёла і заклікалі паспрыяць у тым, каб святароў і вернікаў дапусцілі ў касцёл, каб цэлебраваць там святую Імшу на Каляды.
"Няўжо ў касцёле ў цэнтры Менска Божае Нараджэнне будзе без Хрыста?", - задаюць пытанне парафіяне.
Як адзначаецца ў лісце, 13 кастрычніка, у дзень 175-годдзя нараджэння Слугі Божага Эдварда Вайніловіча, фундатара касцёла, Румак прыходзіў у плябанію да пробашча Уладзіслава Завальнюка. Але «нагодай для прыходу была не юбілейная дата, а абвяшчэнне забароны святарам і народу маліцца на гэтым святым гістарычным месцы і служыць Літургію».
- «Патрывайце да Калядаў» - гэтыя словы ў прысутнасці вернікаў Вы сказалі нашаму пробашчу (...) Вы далі нам надзею», - пішуць вернікі і адзначаюць, што амаль праз тры месяцы пасля «таямнічага закрыцця святыні» ніякіх следчых работ не праводзіцца, злачынцы не выяўленыя.
Касцельны камітэт таксама паведаміў, як рыхтуецца да свята ў плябаніі, дзе адлучаныя святло, вада і ацяпленне: асвятляючы сябе надворнымі ліхтарамі: «Вернікі і людзі добрай волі дапамагаюць арганізаваць мінімальныя варункі выжывання: падарылі валёнкі, ватоўкі, газоўкі, людзі дзеляцца дровамі для грубак - прывозяць амаль з усяго Менскага раёна».
Парафіяне падкрэслілі, што моляцца і спадзяюцца на лепшае - на "вяртанне ў зганьбаваную і прыніжаную святыню, з якой выгналі Ісуса Хрыста".