ГУВ Мінабароны Украіны: У палон здаюцца цэлыя падраздзяленні РФ
- 17.12.2022, 23:05
Украінскім праектам «Хачу жыць» скарысталіся больш за мільён расейцаў.
Інфармацыйнымі рэсурсамі ўкраінскага дзяржаўнага праекта "Хачу жыць", які дае магчымасць для акупантаў здацца ў палон, скарысталіся больш за 1 мільён 200 тысяч чалавек, большасць з якіх на тэрыторыі РФ.
Пра гэта расказаў прадстаўнік прэсавай службы Галоўнай управы выведкі Міністэрства абароны Украіны Андрэй Юсаў.
- Больш за 1 мільён 200 тысяч чалавек - гэта тыя людзі, якія скарысталіся інфармацыйнымі рэсурсамі праекта "Хачу жыць". З іх ільвіная доля - гэта людзі, якія знаходзяцца на тэрыторыі так званай Расейскай Федэрацыі.
Гэта пакуль не дырэктыўныя звароты, але гэта людзі, якія вывучаюць для сябе або для сваіх родзічаў магчымасць захаваць жыццё ў крывавай несправядлівай вайне акупантаў Пуціна супраць Украіны, - паведаміў Юсаў.
Ён таксама паведаміў, што штодзень на гарачую лінію, у чат-робат ды іншыя кантакты да праекта звяртаюцца больш за 100 чалавек.
- Вынікі ёсць, і яны важкія, якія тычацца і асобных рашыстаў, якія здаюцца ў палон, і цэлых падраздзяленняў. І гэта не толькі шарагоўцы, але і афіцэрскі склад. Хаця найбольшую актыўнасць выяўляюць, безумоўна, часткова мабілізаваныя. Гэта людзі, якія ўвогуле не разумеюць, што ім рабіць на вайне ва Украіне і для чаго яны тут апынаюцца, - расказаў прадстаўнік ГУВ.
Украінскі дзяржаўны праект «Хачу жыць» закліканы дапамагчы вайскоўцам РФ бяспечна здацца ў палон украінскім Узброеным сілам.
Для атрымання інфармацыі, як здацца ў палон, расейскім вайскоўцам або іхнім родзічам і блізкім трэба тэлефанаваць на 24-гадзінны нумар: +38 066 580 34 98; +38 093 119 29 84.
Расейцам гарантуюць утрыманне згодна з нормамі Жэнэўскіх канвенцый.