Пуцін раптоўна скасаваў яшчэ адно важнае мерапрыемства
- 21.12.2022, 10:05
Прадугледжаны Канстытуцыяй РФ выступ не адбудзецца.
Нягледзячы на закон, які абавязвае прэзідэнта РФ штогод звяртацца да Федэральнага сходу з пасланнем, у 2022 годзе такога звароту не будзе.
У Крамлі мяркуюць, што да высвятлення сітуацыі з вайной ва Украіне пасланне Уладзіміра Пуціна лепш адкласці, піша «Коммерсант» са спасылкай на тры крыніцы, блізкія да адміністрацыі прэзідэнта.
Паводле іх словаў, «падрыхтоўка» да выступу вялася, але да маштабнай працы над тэкстам справа так і не дайшла. У сувязі з гэтым пасланне будзе «зрушанае» на наступны год. Раней дзяржаўныя агенцтвы, спасылаючыся на інфармаваныя крыніцы, пісалі, што пасланне можа быць абвешчанае ў канцы снежня. РІА «Новости» называла нават дату – 27 снежня.
Прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў гаварыў, што пасланне, магчыма, перанясуць на наступны год. «Гэта такая даволі відавочная ісціна», – адзначаў Пяскоў і прапаноўваў «спыніць варажбу на кававай гушчы» з гэтай нагоды.
Прэзідэнт РФ, паводле арт. 84 Канстытуцыі, павінен звяртацца да Федэральнага сходу са штогадовым пасланнем. У сваім звароце ён павінен агучваць асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі дзяржавы.
У Крамлі яшчэ ў 2017 годзе заявілі, што фармулёўка Канстытуцыі не абавязвае Пуціна кожны год з’яўляцца перад дэпутатамі і сенатарамі. Новую трактоўку ў адміністрацыі прэзідэнта прыдумалі, каб перанесці пасланне з канца 2017 года на сакавік 2018-га і ўбудаваць яго ў перадвыбарчую кампанію Пуціна, які збіраўся пераабрацца без праграмы.
Пасланне 2022 года пачалі рыхтаваць перад уварваннем Расеі ва Украіну 24 лютага. За тыдзень да пачатку вайны Пуцін правёў першую нараду «ў рамках падрыхтоўкі паслання». Планавалася, што «спецаперацыя» пройдзе хутка і ўжо вясной Пуцін выступіць са зваротам. Але да лета стала зразумела, што ўсё пайшло не паводле плану і ў Крамлі перасталі праводзіць кансультацыі з экспертамі і ўстановамі, адзначыла крыніца.
У лістападзе праца над пасланнем аднавілася ва ўрадзе і Крамлі. Экспертаў збіралі і пыталіся: «Што б вы меркавалі мэтазгодным бачыць у пасланні», расказвае крыніца. Але неўзабаве падрыхтоўка «затухла», а на пачатку снежня ў Крамлі сталі гаварыць, што паслання сёлета не будзе.
Пуцін таксама адмовіўся праводзіць сёлета «прамую лінію» з расейцамі і вялікую прэс-канферэнцыю паводле вынікаў года. Паводле звестак крыніцаў The Moscow Times, прэс-канферэнцыю Пуцін скасаваў «у апошнюю хвіліну» асабіста пасля ўдару ўкраінскага беспілотніка па аэрадроме стратэгічнай авіяцыі ў Энгельсе.
«Пытанне дыверсій падрабязна абмяркоўвалі на нарадах з сілавікамі. Яны прысягаюць, што падобнага больш не адбудзецца. Але даць 100% гарантыю, што нешта падобнае не адбудзецца перад прэс-канферэнцыяй, ніхто не можа», – растлумачыў суразмоўца выдання.