Радыё Ваван: пенсіянер з Волагды стварыў нелегальнае радыё
- 23.12.2022, 21:22
Ён трансляваў палітычныя перадачы.
Суд прысудзіў да трох гадоў пазбаўлення волі пенсіянера Уладзіміра Румянцава за "фальшыўкі" аб расейскім войску.
61-гадовы апальшчык некалькі гадоў таму стварыў радыёчашчыню, на якую трансляваў палітычныя перадачы "Медузы", "Радыё Свабода", "Эхо Москвы" ды іншых выданняў, якія выступілі з антываеннай пазіцыяй, піша выданне «Север.Реалии».
За гэта суд Волагды прызнаў Румянцава вінаватым у распаўсюджванні фальшыўкі "з матываў палітычнай нянавісці або варожасці ў дачыненні да якой-небудзь сацыяльнай групы" (пункт "д" часткі 2 артыкула 207.3 Крымінальнага кодэкса РФ).
На працягу тыдня ў красавіку 2022 года ён «трансляваў на пэўнай радыёчашчыні» аналагічную «свядома непраўдзівую інфармацыю».
Акрамя таго, суд разважыў, што пенсіянер змясціў на сваёй старонцы ва "УКантакце" шэсць відэаролікаў "з свядома хлуслівай інфармацыяй аб тым, што прадстаўнікі Узброеных сіл Расейскай Федэрацыі на тэрыторыі Украіны рабуюць, забіваюць і гвалцяць цывільных жыхароў, руйнуюць шпіталі, радзільні, школы, дзіцячыя садкі".
Румянцава затрымалі ўлетку 2022 года. Ён правёў у следчым ізалятары больш за пяць месяцаў. Тэрмін ягонага пакарання ўлічыць гэты перыяд у прапорцыі "дзень за два", гэта значыць, на волю ён выйдзе ў 2024 годзе.
Румянцаў сваю віну не прызнаў, аднак не хаваў, што негатыўна ставіцца да дзейнай улады і да пастановы Уладзіміра Пуціна пачаць вайну ва Украіну.
Абарона плануе аспрэчыць вырак суда. Адзіным довадам абвінавачання была лінгвістычная экспертыза, якую правёў эксперт з МУС, сказаў выданню «Север.Реалии» адвакат Румянцава Сяргей Ціханаў.
Пры гэтым суд адмовіў абароне ў магчымасці правесці незалежную экспертызу.
Усё жыццё Румянцаў працаваў на заводах, а апошнім часам быў апальшчыкам на кацельні, піша «Север.Реалии». Радыётэхніка была ягоным захапленнем, таму некалькі гадоў таму ён стварыў уласную радыёхвалю. Чашчыню ён купіў праз «Аліэкспрэс», сігнал трансляваўся з кватэры Румянцава на некалькі дзясяткаў мэтраў.
Ён стварыў радыё для сябе, каб слухаць падчас праходак. Следству невядома, ці лавіў гэтую радыёхвалю хто-небудзь яшчэ.
Румянцаў - чацвёрты чалавек, якому далі турэмныя тэрміны за «фальшыўкі» аб войску. Да яго за гэты ж артыкул волі пазбавіліся муніцыпальны дэпутат раёна Краснасельскі ў Маскве Аляксей Горынаў, палітык і былы кіраўнік гэтай жа муніцыпальнай рады Ілля Яшын, а таксама жыхар Алушты Аляксандр Тарапон. Ён вывесіў на варотах свайго сваяка з Расгвардыі плакат "тут жыве ваенны злачынец".