Сына журналісткі Ларысы Шчыраковай забралі з прытулку
- 23.12.2022, 21:37
Бацька хлопчыка прыляцеў у Беларусь з Новасібірска.
Сына былой журналісткі Ларысы Шчыраковай забраў з прытулку ягоны бацька, які прыляцеў з Расеі, паведамляе «Радыё Свабода».
16-гадовага сына Ларысы Шчыраковай Святаслава пасля затрымання журналісткі забралі ў сацыяльна-педагагічны цэнтр і згаджаліся вярнуць толькі ягонаму бацьку, які жыве ў Новасібірску.
Бацька хлопчыка прыляцеў у Беларусь, сабраў усе дакументы і забраў сына з прытулку. Пакуль Святаслаў з бацькам будуць жыць у Гомелі.
Нагадаем, Ларысу Шчыракову затрымалі 6 снежня. На яе распачалі крымінальную справу паводле артыкулу аб дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Што менавіта ставяць у віну гамяльчанцы, на гэты момант невядома. Артыкул прадугледжвае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.
Шчыракова – вядомая ў Гомелі журналістка. Да 2021 года яна супрацоўнічала з шэрагам незалежных выданняў. Здымала дакументальныя фільмы, вяла свой праект ушанавання памяці рэпрэсаваных "Забітыя і забытыя".
З адукацыі Шчыракова – выкладчыца ангельскай мовы. Даўней яна кіравала краязнаўчай арганізацыяй "Талака" (зліквідаваная ўладамі). У апошнія месяцы экс-журналістка займалася этнафотасэсіямі — фатаграфавала людзей у беларускіх нацыянальных строях. Сёлета яна таксама паступіла на факультэт псіхалогіі.
Нягледзячы на пагрозы, Ларыса Шчыракова прынцыпова заставалася ў Беларусі.