РасСМІ: Рагозіна кантузіла
- 24.12.2022, 20:28
Аскепак амаль зачапіў лёгкае.
Экс-кіраўнік «Раскосмасу» Дзмітрый Рагозін атрымаў кантузію і аскепкавае раненне вышэй ад правай лапаткі ў выніку абстрэлу гатэля ў Данецку. Пра гэта паведамляе расейскае агенцтва ТАСС са спасылкай на ягонага памагатага.
«У Змітра Алегавіча пранікальнае раненне – металічны аскепак памерам 8 на 6 мм увайшоў вышэй ад правай лапаткі недалёка ад хрыбетніка. Цудам не зачапіў лёгкае. Акрамя таго, у Дзмітрыя Алегавіча кантузія. Ніякіх іншых раненняў няма», – сказаў памочнік.
Характэрна, што сам Рагозін раней паведамляў у Telegram-канале, што памер аскепка быў 3 на 4 мм. Цяпер гэты пост адрэдагаваны.
Telegram-канал BAZA, блізкі да расейскіх сілавікоў, паведамляў, што ў выніку выбуху Рагозін атрымаў аскепкавыя раненні і іншых частак цела.
«Былы кіраўнік “Раскосмасу” атрымаў аскепкавае раненне мяккіх тканак галавы, пранікальнае аскепкавае раненне ягадзіцаў, а таксама пранікальнае аскепкавае раненне левага сцягна. Паводле ўдакладненых звестак, усяго падчас абстрэлу рэстарана загінулі 2 чалавекі, яшчэ 5 параненыя», – гаворыцца ў паведамленні.