Зяленскі – украінцам: Мы не чакаем цуду, бо творым яго самі
- 24.12.2022, 21:04
Украінскі прэзідэнт апублікаваў каляднае відэавіншаванне.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўвечары ў суботу, 24 снежня, апублікаваў каляднае відэавіншаванне для ўкраінцаў.
Відэазварот прэзідэнта апублікаваны на ягоных афіцыйных старонках у сацсетках.
Публікуем тэкст віншавання ўкраінскага прэзідэнта:
– Сёлета для нас усе святы маюць горкі прысмак. І традыцыйны Дух Раства мы можам адчуваць інакш. Не такой смачнай і цёплай можа быць вячэра за сямейным сталом. Каля яго могуць быць пустыя крэслы. І не такімі яркімі могуць быць нашы дамы і вуліцы. І не так гучна і натхняльна могуць гучаць калядныя званочкі. Праз сірэны паветранай трывогі ці яшчэ горш – стрэлы і выбухі.
У гэтай бітве ў нас ёсць яшчэ адна, магутная і дзейсная зброя. Молат і меч нашага духу і свядомасці. Мудрасць Божая. Адвага. Цноты, якія схіляюць нас рабіць добрую справу і пераадольваць зло. Галоўны акт мужнасці – вытрымка і давядзенне сваёй справы да канца, нягледзячы ні на што.
Гэты дзень і ўсе зімовыя святы сустракаем у няпростых абставінах. Хтосьці ўбачыць сёння першую зорку ў небе над Бахмутам, Рубежным, Крамянной. Уздоўж тысячаў кіламетраў лініі фронту. Хтосьці на трасе, у дарозе – ад украінска-польскай мяжы на Херсоншчыну або Запарожжа. Хтосьці ўбачыць яе скрозь дзіркі здратаванага даху ўласнага дома. Хтосьці сустрэне свята ў чужых дамах, але не ў чужых людзей – украінцаў, якія прытулілі ўкраінцаў. У Закарпацці, Букавіне, Львоўшчыне, Франкоўшчыне і ў многіх іншых рэгіёнах. Хтосьці пачуе Шчодрык на іншай мове – у Варшаве, Берліне, Лондане, Нью-Ёрку, Таронта і многіх іншых гарадах і краінах. А хтосьці сустрэне гэтыя Каляды ў няволі, але няхай памятае, што мы ідзем і да гэтых нашых людзей, мы вернем свабоду ўсім украінцам і ўкраінкам. Дзе б мы ні былі – мы будзем сёння разам.
Разам успомнім раніцу 24 лютага. Успомнім, колькі прайшлі. Успомнім Азоўсталь, Ірпень, Бучу, Краматорск, Змяіны, Чарнабаеўку, Ізюм, Херсон. Мы загадаем жаданне. Адно на ўсіх. І адчуем радасць. Адну на ўсіх. І зразумеем ісціну. Адну на ўсіх. Пра тое, што ніякія дроны-камікадзэ не здольныя патушыць Калядную зорку. Мы ўбачым яе ззянне нават пад зямлёй у бамбасховішчы. Мы напоўнім цяплом і святлом нашы сэрцы. Іх не здольныя параніць ніякія Кінжалы. Яны зламаюцца аб наш сталёвы дух.
І нашая барацьба будзе прадаўжацца без прыпынку. Ёй не пагражаюць планавыя ці аварыйныя адключэнні. І мы ніколі не адчуем дэфіцыту адвагі і нязломнасці.
Мы перажылі шмат горкіх навінаў і будзем заслужана сустракаць добрую вестку. Мы будзем спяваць калядкі – бадзёра як ніколі – гучней за гук генератара. Мы пачуем галасы і віншаванні родных – у душы – нават калі лягуць сувязь і інтэрнэт. І нават у суцэльнай цемры – мы знойдземся – каб моцна абняць адно аднаго.
І калі не будзе цяпла – будзем абдымацца доўга, каб сагрэць адно аднаго. Мы будзем адзначаць свае святы! Як звычайна. Мы будзем усміхацца і цешыцца. Як звычайна. Адрозненне адно. Мы не будзем чакаць цуду. Бо робім яго самі.