Лукашысты ўзяліся за беларускага коміка Андрэя Скарахода з Comedy Club, які падтрымаў пратэсты
- 27.12.2022, 20:56
Намякаюць на экстрадыцыю з РФ.
Супраць беларускага шоўмэна Андрэя Скарахода з КВЗ і Comedy Club, які зараз жыве ў Маскве, на радзіме пачалі праверку за «распальванне варожасці» і пагражаюць дэпартацыяй з Расеі. Пра гэта напісалі ў адным з праўладных тэлеграм-каналаў. Комік падтрымаў пратэсты ў Беларусі і выступіў супраць вайны ва Украіне.
Як вынікае з паведамлення, на Скарахода звярнуў увагу ГУБАЗіК - гумарыст нібыта пакінуў у сацсетках абразлівы каментар на адрас «звычайнай жанчыны-патрыёта, якая прыйшла падтрымаць сілавікоў у цяжкія часы».
У дачыненні да беларуса распачатая праверка - са слоў сілавікоў, яго дзеянні кваліфікуюцца паводле арт. 130 КК (Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці). Яму пагражаюць экстрадыцыяй «з саюзнай нам Расеі», якая прадугледжаная ў такіх крымінальных артыкулах.
«Камісарэнка не дасць схлусіць», - дадаюць аўтары канала, відавочна, намякаючы на аповяд беларускага стэндап-коміка Славы Камісарэнкі аб тым, як КДБ спрабаваў выкрасці яго ў Маскве і вывезці на аўто ў Беларусь.
Андрэй Скараход нарадзіўся ў Старых Дарогах у Менскай вобласці, вучыўся ў БДЭУ. Ён выступаў КВЗ, пазней стаў рэзідэнтам Comedy Club. Пасля выбараў 2020 года ён падтрымаў пратэсты, а таксама выказаўся супраць уварвання РФ ва Украіну.