The Insider: Прапуцінскія акцыі ў Нямеччыне арганізуе Крэмль
- 27.12.2022, 21:10
Прыхільнікі «расейскага свету» могуць атрымліваць грошы з пасольства РФ.
Новае расследаванне выдання The Insider, апублікаванае ў аўторак, 27 снежня, прысвечанае актыўнасці прарасейскіх сіл у Нямеччыне і іх сувязям, з аднаго боку, з Крамлём, з другога - з нямецкімі ўльтраправымі. Як адзначае выданне, шматлікія прыхільнікі «расейскага свету» з Нямеччыны змянілі сваю тактыку. Калі вясной яны ладзілі аўтапрабегі і мітынгі ў падтрымку Пуціна і вайны, то зараз выходзяць на акцыі супраць NАТО і «за мір» з Расеяй. Арганізатары гэтых мерапрыемстваў пазіцыянуюць сябе як незалежныя актывісты, аднак расследаванне паказала, што яны дзейнічаюць у актыўным узаемадзеянні з расейскай амбасадай, а ў якасці сваіх саюзнікаў прыцягваюць мясцовых ультраправых.
Хто фінансаваў «аўтапрабег ганьбы»
Пік актыўнасці прыхільнікаў Пуціна ў Нямеччыне прыпаў на сярэдзіну вясны. Найбольш заўважнымі іх акцыямі сталі аўтапрабегі ў падтрымку Расеі і супраць русафобіі. Самы маштабны, які нямецкія СМІ затым назвалі «аўтапрабегам ганьбы», прайшоў 3 красавіка ў Бэрліне. Калона з некалькіх сотняў аўтамабіляў высунулася з прыгарада Бэрліна і праехала праз увесь горад, зрабіўшы прыпынак у Трэптаў-парку, дзе знаходзіцца савецкі воінскі мемарыял. Удзельнікі аўтапрабегу размахвалі сцягамі Расеі і СССР, уключалі на поўную гучнасць песні на расейскай і выкрыквалі абразы на адрас украінскіх уцекачоў.
Аўтапрабег спрабавалі прадставіць як нізавую ініцыятыву, аднак з вялікай верагоднасцю ён быў праведзены на грошы расейскай амбасады, распавёў The Insider каардынатар праваабарончых праграм арганізацыі «Свабодная Расія – Бэрлін» (Freies Russland Berlin) Аляксей Казлоў. Паводле ягоных слоў, затратнае мерапрыемства непазбежна патрабавала замежнага фінансавання.
А пазней у красавіку стала відавочна сувязь арганізатараў аўтапрабегу з дыпмісіяй Расеі. Расейскі немец Крысціян Фраер (Christian Freier) і мясцовы бізнэсовец Рэне Херман (Rene Hermann), якія выступалі ў ролі каардынатараў мерапрыемства, былі заўважаныя на пасольскім мерапрыемстве ля мемарыяла на Зеелаўскіх вышынях.
Прарасейскія аўтапрабегі прайшлі ў красавіку і ў іншых гарадах Нямеччыны, але затым гэтая форма выступаў прарасейскіх актывістаў сышла на нішто з-за жорсткай рэакцыі нямецкіх уладаў. У адных рэгіёнах падобныя дэманстрацыі былі забароненыя, у іншых увялі крымінальную адказнасць за публічную дэманстрацыю літар Z і V і іншай мілітарысцкай сімволікі.
Тактыка змянілася, сувязь з Крамлём засталася
У апошнія месяцы сімпатызанты Крамля выходзяць на камбінаваныя акцыі, пратэстуючы адначасова супраць санкцый у дачыненні да Расеі, росту інфляцыі ў Нямеччыне і каранавірусных абмежаванняў. На такіх мерапрыемствах прапуцінскія актывісты ў адной кампаніі з радыкальнымі групоўкамі ад ультралевых да ультраправых, каранаскептыкамі, прыхільнікамі канспіралагічных тэорый і іншымі маргіналамі, паказвае Аляксей Казлоў.
Чарговая акцыя пратэсту супраць палітыкі Нямеччыны і NАТО прайшла 4 снежня ў Кёльне. Дэманстранты прайшлі маршам па цэнтральных вуліцах горада з плакатамі, якія заклікаюць скасаваць санкцыі супраць Масквы, запусціць «Паўночны струмень – 2» і спыніць пастаўкі ўзбраенняў ва Украіну. Сярод яе арганізатараў - прадстаўніца мясцовай рускамоўнай абшчыны Алена Каўбаснікава (Elena Kolbasnikova). У кастрычніку яна была з грузам гуманітарнай дапамогі ў Данбасе, прыехаўшы туды ў рамках піяр-кампаніі ўзначаленага Пуціным «Агульнарасійскага народнага фронту».
«Рускі свет» і правыя радыкалы
Каўбаснікава актыўна супрацоўнічае з праварадыкальным палітыкам Маркусам Байзіхтам. Ён дапамагае ёй ладзіць мітынгі супраць NАТО і вядзе актыўную пракрамлёўскую агітацыю ў інтэрнэце. Байзіхт выступаў з прамовай у падтрымку Расеі на акцыі 8 траўня, прысутнічаў на святочным мерапрыемстве з нагоды Дня Расеі, а перад гэтым разам з Каўбаснікавай быў запрошаны да генеральнага консула РФ у Боне Аляксея Дронава. Гэты факт гаворыць аб тым, што паплечнікі дзейнічаюць як мінімум з адабрэння расейскага пасольства ў ФРГ.
Са справаздачы аб тым візіце вынікае, што Каўбаснікава наведала расейскае генконсульства ў якасці прадстаўніка ультраправай арганізацыі Байзіхта «Aufbruch Leverkusen». Паводле звестак The Insider, у жніўні 2022 года Каўбаснікава прысутнічала на фестывалі, зладжанага праваэкстрэмісцкім часопісам Compact для прадстаўнікоў ультраправых рухаў. Галоўнымі тэмамі мерапрыемства сталі «свабода Нямеччыны ад дыктатуры ЗША і NАТО» і «мір з Расеяй». Адметна, што адзін з удзельнікаў фестывалю, чалец бундэстага ад партыі «Альтэрнатыва для Нямеччыны» (АдН) Роберт Фарле (Robert Farle), у снежні выступіў з прамовай на прарасейскай акцыі ў Кёльне.
Крэмль арыентуецца на правыя сілы
«У Масквы багаты досвед выкарыстання ў сваіх мэтах грамадскіх рухаў, асабліва тых, што выступаюць супраць еўрапейскай і трансатлантычнай інтэграцыі. Але калі ў савецкі час Крэмль звяртаўся для гэтага да левых сацыялістаў, пра сёння ён арыентуецца на кансерватыўныя, правыя і экстрэмісцкія плыні», - тлумачыць нямецкі палітолаг Фелікс Рыфер (Felix Riefer).
Расейскія чыноўнікі шмат гадоў кантактуюць з вельмі правымі і іншымі радыкальнымі сіламі ў Еўропе. У 2015 годзе былы лідар праварадыкальнай Нацыянал-дэмакратычнай партыі Нямеччыне (НДП) Уда Фогт (Udo Voigt) па запрашэнні партыі «Радзіма» выступіў у Санкт-Пецярбургу на Міжнародным расейскім кансерватыўным форуме, які выданне The Insider называе злётам расейскіх і еўрапейскіх неанацыстаў. А ў канцы 2020 года Сяргей Лаўроў прыняў у Маскве дэлегацыю правапапулісцкай партыі АдН, якая шмат гадоў падтрымлівала шчыльныя стасункі з Масквой.