Пашынян: У Арменіі выбары не фальсіфікуюцца ў адрозненні ад Беларусі
- 10.02.2022, 21:13
Прэм'ер Арменіі жорстка адказаў беларускаму дыктатару.
У Арменіі жорстка адрэагавалі на заяву Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што Ерэвану давядзецца ўвайсці ў склад саюзнай дзяржавы.
- Арменіі дзявацца няма куды. Вы што, думаеце, яны камусьці патрэбныя? Яны ўжо ўбачылі, Нікол Ваваевіч [Пашынян] гэта ўбачыў, - сказаў Лукашэнка, выказаўшы ўпэўненасць у тым, што і іншыя былыя савецкія рэспублікі хутка далучацца да фармату «СССР 2.0».
Завочны адказ беларускаму дыктатару даў кіраўнік армянскага ўрада Нікол Пашынян, выступаючы перад Нацыянальным сходам (парламентам). Ён даў зразумець, што Лукашэнка - не тая фігура сусветнай палітыкі, да меркавання якой варта прыслухоўвацца.
Са слоў Пашыняна, Арменію нельга параўноўваць з Беларуссю, бо першая «з'яўляецца дэмакратычнай дзяржавай», а другая - не. У якасці аргумента ён нагадаў, як Лукашэнка ў перыяд пратэстных выступаў пасля прэзідэнцкіх выбараў перасоўваўся па Менску з аўтаматам Калашнікава.
- У Арменіі адбыліся падзеі: вы бачылі калі-небудзь, каб я хадзіў па вуліцах з аўтаматам? - заклікаў Пашынян дэпутатаў у сведкі. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што з аўтаматам ён сапраўды не хадзіў.
Яшчэ адным доказам дэмакратычнасці палітычнай сістэмы Арменіі - ізноў жа ў процівагу рэжыму Лукашэнкі - прэм'ер уважае тое, што выбары ў рэспубліцы «не фальсіфікуюцца», і гэты факт прызнаны яе «міжнароднымі партнёрамі». Пашынян празрыста намякнуў, што Лукашэнка папросту зайздросціць армянскай дэмакратыі і яе прызнанню на сусветнай арэне.
- Калі Арменію запрашаюць на саміт дэмакратыі, а іншыя дзяржавы не запрашаюць, яны крыўдзяцца. Калі Арменію называюць дэмакратычнай краінай, а іх не называюць, яны крыўдзяцца. Калі кажуць, што ўлада ў Арменіі легітымная, а ў іх краінах нелегітымная, яны крыўдзяцца, - патлумачыў Пашынян дэпутатам Нацыянальнага сходу.