Максім Беразінскі пра Міністэрства спорту: Людзі няславяцца на ўвесь свет
- 13.02.2022, 21:10
Алімпіяда паказала ўзровень кадраў у беларускім спорце.
Кіраўнік «Трыбуны» Максім Бярэзінскі пракаментаваў «Маланцы Медыя» «пакаянныя відэа» з удзелам беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе-2022.
- Максім, даруеце беларускім спартоўцам за няўдалыя выступы на Алімпіядзе?
- Мне здаецца, гэта паведамленні, якія накіраваныя не нам, напэўна, яны ў іншае месца накіраваныя. Таму няхай там ім і даруюць.
Нам, увогуле, ясна і з выступаў, і з гэтых сумных вачэй, што людзі, фактычна, у закладніках. Хочацца зычыць ім падумаць, чаму так адбываецца.
- Калі гэта накіраванае не нам, то навошта яны гэта публічна дэманструюць?
- Слухайце, мы жывём у перакуленым свеце, і тут складана зразумець, навошта публікуюць і навошта выбіваюць прызнанне аб тым, што чалавек з'яўляецца прадстаўніком нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі, або навошта публікуюць фота сэксуальных цацак, альбо яшчэ чагосьці. Тут няма ніякай логікі, гэта проста паказвае ўзровень.
Што да Алімпіяды, то гэта проста паказвае ўзровень кадраў, якія там ёсць на месцы. Мы ведаем, што шмат людзей пакінула Мінспорту, і не засталося людзей, якія б сказалі: «Слухайце, гэта проста жах, давайце не будзем публікаваць і адправім гэта, не ведаю, Віктару Лукашэнку проста ў Тэлеграме, каб ён паглядзеў і наважыў, што ўсё нармальна». Але не, людзі няславяцца на ўвесь свет, ім гэта падабаецца, відаць.
Увогуле, вельмі складана даваць ацэнкі таму, што выходзіць за рамкі дабра і зла. І гэта ж не адзіная хіба, гэта значыць, вось такія хібы, «пакаянныя відэа», ёсць на старонцы Мінспорту: вы можаце проста зайсці ацаніць дызайн малюнкаў з вынікамі Алімпіяды. Тамака чырвоны, зялёны і ўсё ў такім жудасным спалучэнні колераў.
І вось людзям здаецца, што гэта нармальна, што гэта вельмі патрыятычна. Калі толькі на гэта стае глуздоў, то хочацца толькі павіншаваць, зычыць поспеху і, спрэс дакладна, яны ўсё самі зробяць, - сказаў Беразінскі.